У Германавічах прайшла канферэнцыя, прысвечаная паўстанню Каліноўскага



Навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная паўстанню 1863-64 года, адбылася ў Германавічах, што на Шаркоўшчыне. На яе з’ехаліся краязнаўцы з Глыбоцкага, Мёрскага, Пастаўскага, Шаркоўшчынскага раёнаў і нават завіталі госці з Латвіі. Па словах арганізатаркі мерапрыемства Ады Райчонак, кожны з удзельнікаў канферэнцыі падрыхтаваў даклад пра мясцовых людзей або падзеі, якія спрычыніліся да паўстання Кастуся Каліноўскага.

– Ёсць пастаянныя сябры нашай канферэнцыі. Але па магчымасці мы запрашаем і новых. Вось з Латвіі прыехаў Мікола Паўловіч – цудоўны краязнаўца, нам бы такіх паболей. На нашай тэрыторыі дзейнічалі паўстанцы Кастуся Каліноўскага. І мы абавязаны пра гэта гаварыць і пісаць.

На канферэнцыі з дакладамі выступілі Рыгор Шарыпкін, Міхаісь Гіль, Вітольд Ермалёнак, Антон Асптаповіч, Ганна Базарэвіч і іншыя. Напрыканцы імпрэзы адбыўся канцэрт Змітра Бартосіка і Таццяны Беланогай.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара