У гістарычным цэнтры Магілёва не будзе зоны забаў



Распрацоўшчыкі праекта добраўпарадкавання раёна Падніколле ў гістарычным цэнтры Магілёва адмовіліся ад планаў стварэння там зоны забаў.

магілёў

Нагадаем, раней Рэспубліканскі архітэктурна-горадабудаўнічы савет пры Мінбудархітэктуры прыняў рашэнне ўхваліць новы генеральны план Магілёва і рэкамендаваў правесці круглы стол па развіцці раёна Падніколле.

Падчас грамадскага абмеркавання генплана Магілёва паступіла мноства прапаноў ад грамадзян, многія з якіх выступілі супраць з’яўлення ў Падніколлі — паміж Свята-Нікольскім манастыром і аднаўлянай Пакроўскай царквой — зоны забаў. На іх думку, парк адпачынку парушыць цішыню, неабходную для набажэнстваў, а таксама будзе спрыяць з’яўленню ў гэтых месцах нецвярозых грамадзян. Была вылучана сустрэчная ініцыятыва — стварыць у Падніколлі батанічны сад. Збор подпісаў за яе рэалізацыю праходзіў у розных формах, як традыцыйна, так і на розных інтэрнэт-платформах. Ідэя стварэння саду знайшла падтрымку ў НАН Беларусі.

Распрацоўшчыкі праекта, улічваючы меркаванні многіх грамадзян, адмовіліся ад планаў па стварэнні ў Падніколлі гандлёва-забаўляльнага цэнтра і фестывальнай пляцоўкі, заявіў 12 студзеня на круглым стале ў гарвыканкаме, прадстаўляючы праект уладкавання раёна, галоўны архітэктар Магілёва Уладзімір Скачок. Ён таксама расказаў, што на гэтай тэрыторыі плануецца гістарычная забудова паблізу Пакроўскай царквы і Свята-Нікольскага манастыра, зона ціхага адпачынку, дэндрапарк, зона культурнага адпачынку, зона спартыўных мерапрыемстваў і зона пляжнага адпачынку.

Парк у Падніколлі арыентаваны на спакойны адпачынак жыхароў горада ў захаваным ландшафце, паведаміла галоўны архітэктар праекта, прадстаўнік інстытута „Магілёўграмадзянпраект” Таццяна Бельская. Паводле яе слоў, у парку прадугледжана яшчэ так званая вясельная зона для маладых, якія толькі што заключылі шлюб у размешчаным недалёка гарадскім загсе. Бельская таксама прадэманстравала планы па будаўніцтве галоўнага ўваходу ў парк — лесвіцы з фантанамі, якая вядзе ад плошчы Арджанікідзэ ў Падніколле.

У сваю чаргу старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч выказаў меркаванне аб неабходнасці будаўніцтва ўваходу ў парк з плошчы Славы праз адноўленую Алейную браму і падземны пераход. Ён таксама прапанаваў, каб дарожкі, якія будуць пракладзены ў парку, праходзілі па былых ў мінулым вуліцах Падніколля.

З гэтай пазіцыяй не пагадзіўся галоўны архітэктар Магілёўскай вобласці Аляксей Новікаў, які выказаў меркаванне, што тады знаходжанне ў парку будзе нагадваць прагулкі па выпаленай вёсцы.

Прадстаўнікі кампаніі „Белтранснет” прадэманстравалі прысутным магчымасць стварэння ў Магілёве так званага транспарту другога ўзроўню па тэхналогіі SkyWay — па сутнасці, мадэрнізаванага фунікулёра. Па іх прапанове, маршрут надземнай трасы мог бы пралягаць з плошчы Арджанікідзэ праз Днепр на вуліцу Фаціна. Пры гэтым мяркуецца станцыя для пасадкі і высадкі пасажыраў паблізу Свята-Нікольскага манастыра.

У ходзе абмеркавання было прапанавана стварыць рабочую групу для ўзгаднення ўсіх спрэчных пытанняў, а прыём новых прапаноў працягнуць да 16 студзеня, каб, як і прасіў Рэспубліканскі архітэктурна-горадабудаўнічы савет, да 19 студзеня прадставіць вынікі сённяшняга круглага стала ў Мінбудархітэктуры.

У канцы пасяджэння круглага стала настаяцель храма Святых царскіх пакутнікаў і ўсіх навамучанікаў XX стагоддзя, які знаходзіцца паблізу плошчы Славы, протаіерэй Сергій Белавус расказаў пра ідэю стварэння імітацыі крапасной сцяны ў цяперашнім парку Горкага, які знаходзіцца на месцы магілёўскага замчышча, адкуль калісьці пайшоў горад.

belapan.by