У Глыбокім адбылася сустрэча з Алегам Рудаковым



У Глыбокім адбылася сустрэча з этнографам і гісторыкам Алегам Рудаковым і яго жонкай Воляй Галанавай. Імпрэзу арганізавала Глыбоцкая суполка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” сумесна з курсамі “Мова Нанова”.

Алег Рудакоў распавёў прысутным пра свой вопыт працы з беларусамі ў Іркуцкай вобласці, прэзентаваў дыскі і кнігі. На іх запісаныя беларускія спевы і танцы сібіракоў, гістарчыныя звесткі пра перасяленне беларусаў ды іншая цікавая інфармацыя, якую яны сабралі ў этнаграфічных экспедыцыях.

– У нас тут некалькі кружэлак з песнямі – гэтыя ўсе песні мы збіраем у этнаграфічных экспедыцыях па сібірскіх беларускіх вёсках. Таксама ёсць такая кружэлка “Танцы”, якія мы сабралі па вёсках беларускіх. І яшчэ кніжка ў нас выйшла “Очерки, рассказы и сказки белорусов Иркутской области”. Тут і на рускай мове, і на беларускай мове ёсць артыкулы. Ёсць і абагульняючыя артыкулы, колькі было плыняў перасялення беларусаў у Іркуцкую вобласць. А іх было 11 усяго плыняў, пачынаючы  з першымі казакамі.

У другой частцы імпрэзы Алег Рудакоў  і Воля Галанава навучалі прысутных беларускім танцам, якія яны запісалі  ад беларусаў-сібіракоў. Сярод іх „Полька задам”, „Марынінскі кракавяк”, „Лявоніха ў тройках” і „Падэспань”.

Падчас мерапрыемства выступілі запрошаныя госці з Лепельшчыны і Глыбоччыны Васіль Шкіндзер і Даніла Ермаковіч. Яны сыгралі на скрыпцы, дудзе і  акардэоне характэрную для іх мясцовасці  беларускую музыку і паказалі свае традыцыйныя танцы.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя