У Глыбокім адкрылася выстава Эдуарда Мацюшонка



“За годам год“ – выстава карцін Эдуарда Мацюшонка адкрылася ў Глыбокім. На ёй мастак з Вілейкі прадставіў палотны з гістарычнымі  і роднымі мясцінамі Глыбоччыны. Эдуард Мацюшонак нарадзіўся на Глыбоччыне і, па яго словах, не губляе з родным краем сувязь.

Паводле Эдуарда Мацюшонка, выстаўляецца на малой радзіме ён у чацвёрты раз і лічыць гэта за вялікі гонар і адказнасць.

– На выставе 18 карцін. Тут прадстаўлены гістарычныя працы пра Глыбоччыну, філасофскія працы пра сэнс жыцця і нацюрморты, якія таксама маюць гістарычную і філасофскую аснову. Уся выстава называецца “За годам год”, таму што кожны год у нас у жыцці як быццам бы ўсё паўтараецца, але паўтараецца на новым вітку. І таксама як на дрэве нарастае новае кальцо, таксама і ў нас нарастае новая гістарычная свядомасць.

Эдуард Мацюшонак меў некалькі персанальных выставаў у Беларусі, Расеі ды Германіі. Асноўная тэма творчасці мастака – Бацькаўшчына і філасофія жыцця на роднай зямлі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі