У Глыбокім на курсах „Мова нанова” гаварылі пра Біблію



Пра самую перакладаемую кнігу ў свеце гаварылі на курсах “Мова нанова” ў Глыбокім. У Парафіяльным доме ксёндз-бібліст Сяргей Сурыновіч распавёў глыбачанам пра гісторыю Бібліі і пра яе беларускія пераклады ХХ стагоддзя.

На сустрэчу з ксяндзом-біблістам прыйшлі не толькі каталікі, але і пратэстанты. Як кажа хрысціянін-баптыст Сяргей Пачопка, гэта добра, калі людзі вывучаюць Біблію на сваёй роднай мове, нават з мясцовымі дыялектамі.

– А так Біблія – яна ж адна на ўсіх. Усе, хто ведае, што Ісус Хрыстос быў распяты за грахі ўсяго свету, тыя пакланяюцца Ісусу Хрысту і яму аднаму давяраюць. Біблія на ўсіх мовах адна і тая ж. Пераклады датычаць той канфесіі, але ісціна яна ўсё роўна адна.

Паводле Сяргея Сурыновіча, самай аўтарытэтнай у свеце лічыцца тэксталогія “Новага запавету” ў выданні Нэстле-Аланда. Менавіта на яе аснове Каталіцкі Касцёл у Беларусі выдаў у 2017 годзе “Новы запавет” – пераклад з мовы арыгінала. Цалкам перакладаў Бібліі (Новага і Старога запаветаў) на беларускую мову існуе толькі тры.

Таццяна Смоткіна