У Глыбокім заахвочвалі да чытання з дапамогай Бібліяноч – 2017



„Месца сустрэчы змяніць нельга, альбо Бібліяноч – 2017 ” прайшла ў Глыбоцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Мерапрыемства ладзілі з мэтай развіцця бібліятэчнай і кніжнай спраў, прасоўвання чытання і арганізацыі новых формаў вольнага часу жыхароў горада.

Адначасова ў Глыбоцкай дзіцячай бібліятэцы адбывалася “Бібліязмярканне „КнігаЛэнд”, дзе працавала некалькі творчых пляцовак для дзетак.

Кажа загадчыца дзіцячай бібліятэкі Таццяна Андрыеўская:

– Мы рады, што нашыя дзеці ўдзельнічаюць, мы імкнемся, каб і бібліятэка іх зацікавіла, і каб сапраўдная любоў да кнігі праяўлялася, і каб веды, якія яны атрымліваюць праз кнігу, маглі скарыстаць у жыцці. Тут у нас усё прыгожа аформлена. Мы вельмі цікава аформілі стэнд. І вельмі любім нашых дзяцей, якія нам як родныя.

Падчас “Бібліяночы-2017” у Глыбокім праходзілі выставы маляванак, кніг, фота і майстар-клас па маляванках. Прысутныя наведвалі фіта-бар „Адчайныя гісторыі” і фотасалон, дзе рабілі сэлфі з любімай кнігай.  А таксама ў межах імпрэзы адбылася шоў-праграма народнага тэатра мініяцюр Падсвільскага Дома культуры „Ідучыя на смех” і сустрэча з астраномам Віктарам Малышчыцам.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі