У Глыбокім завяршыўся пленэр у гонар Драздовіча



Больш за 80 прац напісалі мастакі з Менску і Менскай вобласці падчас пленэру ў Глыбокім. Мастакі працавалі тыдзень, у асноўным акварэллю, пастэллю і алоўкам. У сваіх творах яны пісалі архітэктуру Глыбокага і яго ландшафт.

Паводле кіраўніка пленэра, мастацтвазнаўцы  Галіны Флікоп-Світы, сваёй суполкай яны ладзяць пленэры ў  невялікіх гарадах і прымяркоўваюць іх да розных гістарычных дат, звязаных з вядомымі постацямі. Сёлета яны хацелі наведаць менавіта Глыбокае. І ў іх атрымалася, яны пабывалі на радзіме Язэпа Драздовіча:

– Прэзентуем тое, што мы паспелі стварыць за гэты час. У кагосьці больш, у кагосьці менш, але як вы можаце пераканацца, пленэр сапраўды атрымаўся выдатны, плённы, выніковы. Мне асабіста падабаюцца творы ўсіх удзельнікаў.

Мастакі плануюць дапрацаваць дома некаторыя свае эцюды. Потым адабраць лепшыя працы для выставы. Яна плануецца ўвосень у мастацкай школе імя Язэпа Драздовіча ў Глыбокім.

Беларускае Радыё Рацыя