У Гомелі паказалі рэканструкцыю вясельнага абраду



Вясельнае шэсце пачалося ад цэнтральнага ўваходу ў парк Румянцавых. Удзельнікі абраду дзялілі каравай, саджалі маладую на дзежку і спявалі вясельныя песні.

Кіраўніца гурта “Стаўбунскія вячоркі” Святлана Парашчанка распавяла, што раней на вяселле ўпрыгожвалі елку, а вяселле гулялі тры дні:

– Да вяселля абавязкова плялі елку, упрыгожвалі менавіта такімі самаробнымі кветкамі, якія рабілі з паперы. Потым выводзілі нявесту з хаты і гэтую елку павінны былі выкупіць. Спачатку гулялі ў маладога ці ў маладой – адзін дзень у маладога, а другі дзень у маладой. На трэці дзень ішлі ў нейкую хату і там рэзалі курыцу, тады ўжо пераапраналіся, выдумлялі рознае – вельмі цікава было на трэці дзень.

Рэканструкцыя вясельнага абраду адбылася ў межах правядзення акцыі “Ноч музеяў”, якую праводзіў філіял Веткаўскага музея.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель