У Кіеве афіцыйна адкрываецца «Еўравізія-2017»



Сёння, 7 траўня, а 20.00 па менскім часе ў Кіеве адбудзецца афіцыйная цырымонія адкрыцця 62-га спеўнага конкурсу «Еўравізія-2017», у якім Беларусь прадставіць гурт Naviband з песняй «Гісторыя майго жыцця».

У аргкамітэце конкурсу Радыё Свабода паведамілі, што на адкрыцці выступяць першая лэдзі Украіны Марына Парашэнка, мэр Кіева Віталь Клічко і выканаўчы дырэктар конкурсу — Йон Ола Санд.

Удзень на галоўнай сцэне адбудуцца апошнія рэпэтыцыі, а за дзве гадзіны да цырымоніі адкрыцця ўдзельнікі конкурсу пройдуць па чырвонай дарожцы — яна будзе падзеленая на адмысловыя зоны, дзе канкурсанты змогуць спыніцца і пагутарыць з журналістамі або зрабіць фота са сваімі фанамі. На чырвоную дарожку канкурсанты будуць выходзіць у алфавітным парадку адпаведна назве краіны.

На афіцыйную цырымонію адкрыцця конкурсу запрасілі спецыяльных гасцей — пераможцу леташняй «Еўравізіі» — Джамалу, спевака Алега Скрыпку, групу «Друга ріка» і пераможцу «Еўравізіі-2014» Руслану. Усе яны будуць выступаць у суправаджэньні Нацыянальнага аркестра народных інструментаў Украіны.

Паўфіналы «Еўравізіі-2017» адбудуцца 9 і 11 траўня, а фінал — 13 траўня. Беларускі гурт Naviband будзе выступаць у другім паўфінале 11 траўня.

svaboda.org