У Кіеве выступіў украінска-беларускі гурт „Fram”
У пятніцу ў цэнтры Кіева панаваў кельцкі фолк-рок: на сцэне клуба „Докер Паб” выступаў украінска-беларускі гурт „Fram”. Падчас падзеі музыкі прадставілі не толькі свае версіі вядомых кампазіцый „Ну-ка мечи стаканы на стол”, „Herr Mannelig” і „Molly Malone”, але і свежыя аўтарскія песні.
Пра тое, як, пра што і дзеля каго нараджаюцца творы калектыву, распавёў дудар бэнду „Fram” Аляксей Шкурапацкі:
– Свежыя кампазіцыя будуць у хуліганскім, ярасным, вясёлым стылі. Прысвечаны пошуку сэнсу жыцця і ўнутранай свабоды. Лірычны адрасат усіх маіх песень – гэта мой сын. У асноўным я прыдумляю песні пра штосьці, пра што хацеў бы распавесці перадусім яму. Часамі ў гэтых песнях бываюць дарослыя ідыёмы, але я думаю, што ён падрасце і зразумее, не абавязкова даносіць да яго гэтае пасланне менавіта цяпер.
Дарэчы, атрымаць задавальнне ад запальнай музыкі гурта „Fram” прыехалі не толькі госці з Украіны, але і меламаны з Беларусі. Спецыяльна для іх калектыў выканаў вядомую кампазіцыю „Тры чарапахі” менскага бэнду „NRM”. Падтрымка залі была забяспечаная.
Беларускае Радыё Рацыя
