У “Кніжным доме “Логвінаў” прайшла сустрэча з Юяй Вісландэр



Шведская дзіцячая літаратура – культавая для старэйшага пакалення беларусаў. Усе ведаюць Карлсана, які жыве на даху, і Пэпі Доўгую Панчоху. У сённяшняга пакалення свае куміры.

У сталічным “Кніжным доме “Логвінаў” прайшла сустрэча з шведскай  пісьменніцай Юяй Вісландэр – аўтаркай кніг “Мама Му”. Гаворыць мадэратарка імпрэзы Вольга Гапеева.

– Да нас прыехала шведская пісьменніца Юя Вісландэр. Нагодай стала з’яўленне чарговай кніжкі з серыі “Мама Му”. Прыйшло даволі шмат людзей, і ўсе актыўна задавалі пытанні. Гэта такі фармат для дарослых. Раней пісьменніца сустракалася з больш дзіцячай аўдыторыяй. Мы паспрабавалі закрануць больш сур’ёзныя пытанні пра тое, як пісаць, на што звяртаць увагу, як супрацоўнічаць з ілюстратарамі і пра непасрэдна ўласны досьвед Юі, якая ўжо трыццаць год з’яўляецца дзіцячай пісьменніцай.

На імпрэзе не прагучала аніводнага слова пра сённяшні стан з палітычнай свабодай у Беларусі. Аднак, наведвальнікі не спяшаліся разыходзіцца паасобку. Рухаліся да метро, прыпынкаў трамвая, аўтобуса купкамі. Каб, калі што, нехта стаўся сведкам чарговага затрымання. На гэты раз, здаецца, усё абышлося спакойна.

 

Максім Каўняровіч. Беларускае Радыё Рацыя