У Лідзе прайшла творчая вечарына Сяргея Чарняка



Творчая вечарына лідскага барда Сяргея Чарняка пад назвай “Пявучае роднае слова” прайшла ў Лідзе.

Малая зала гарадскога Палаца культуры не змагла змясціць усіх жадаючых паслухаць беларускія песні ў выкананні мясцовага барда. Ахвотным яго паслухаць даводзілася стаяць нават у праходах.

Па словах аўтара-выканаўцы, канцэрт адбыўся дзякучы намаганням лідскай супольнасці грамадзян, а таксама супрацоўнікам лідскага Палаца культуры, якім неабыякавы лёс беларускай мовы:

– Нам, хто любіць усё роднае, было вельмі ўтульна і цёпла, спяваючы разам. Дзякуй бацькам, што захоўвалі нашую мову. Дзякуй нашым паэтам, якім могуць сказаць тое, што мы адчуваем, але ў нас не хапае. Сапраўды, без іх мы жыта без валошак.

Канцэрт “Пявучае роднае слова” складаўся з песень на словы як беларускіх паэтаў-класікаў, так і сучасных творцаў, а таксама з песень на вершы мясцовых паэтаў.

Творчая вечарына Сяргея Чарняка была прымеркаваная да міжнароднага Дня роднай мовы, які шырока адзначаўся на гэтым тыдні.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя