У Лідзе распачынаюцца курсы “Мова нанова”



У Лідзе распачынаюцца курсы “Мова нанова”. Яны буду праводзіцца ў арт-прасторы Ga11ery.

Лідзяне ўжо не першы год планавалі распачаць такія курсы ў сваім горадзе, але адной з перашкод была адсутнасць зручнай пляцоўкі для іх правядзення. Зараз такое месца знойдзена, дзе ўжо і прайшоў першы ўводны занятак, гасцямі якога сталі адміністратар курсаў – Ева Гілевіч, музыка Сяржук Доўгушаў і выкладчык – Глеб Лабадзенка. Па яго словах, Ліда гэта ўжо 19-ы горад, дзе будуць праводзіцца курсы “Мова нанова”.

– Мы даўно гэтага чакалі. Не маглі знайсці памяшкання. І вось нарэшце гаспадар прасторы Ga11ery, Міцкевіча, 31, спадар Павел пагадзіўся даць нам гэтае памяшканне. Ліда для нам быў вельмі важным горадам, таму што гэта гістарычны горад. У нас ёсць курсы ў Менску і Гародні, а Ліда роўна пасярэдзіне. Так што мы вельмі спадзяваліся нарэшце што ўдасца тут гэта зрабіць. І я рады, што ўдалося.

Курсы “Мова нанова” ў Лідзе будуць праводзіцца кожную сераду, а 18-й гадзіне, у арт-прасторы Ga11ery. Па адрасе вул. Міцкевіча, 31.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара