У Лідзе ўрачыста адкрылі помнік князю Гедыміну (абноўлена)



Сотні людзей сабраліся сёння ля помніка князю Гедыміну ў Лідзе, каб папрысутнічаць на яго афіцыйным адкрыцці.

Падчас прамоваў афіцыйных асобаў і спонсараў яго ўстаноўкі, над лідзянамі і гасцямі горада побач з дзяржаўнымі сцягамі луналі і нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. Усё прайшло ў святочнай атмасферы традыцыйнага фестывалю LIDBEER і Дня горада Ліда, якія адзначаюцца акурат 7 верасня.

Гэты настрой з лідзянамі раздзялілі і аўтары помніка – Вольга Нячай і Сяргей Аганаў, які, дарэчы, з’яўляецца ўраджэнцам гэтага горада.

Гаворыць Вольга Нячай:

– Якія ў мяне могуць быць уражанні? Самыя найлепшыя! Бо, па-першае, наша маленечкая гісторыя закончылася, і пачынаецца новая. Супер. Я першы раз на LIDBEER. Гэта ўвогуле казка.

Сяргей Аганаў:

– Вось гэта мой родны дом. Я тут нарадзіўся. Уражанні выдатныя. Гэта крута, калі скульптар можа паставіць сваю скульптуру, якую ён хацеў, перад домам.  Мне вельмі ўсё падабаецца.

Ідэя ўсталёўкі помніка князю Гедыміну з’явілася яшчэ на пачатку 90-х гадоў. І толькі ў апошнія гады пра яе загаварылі ўсур’ёз. Спонсарам яго адліўкі стала сумеснае беларуска-літоўскае прадпрыемства Белтэкс Оптык. А таксама ахвярадаўцы з Беларусі і ўсяго свету.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

* * * 

Падчас святкавання Дня горада, які ў Лідзе адзначаюць 7-га верасня, урачыста адкрылі помнік князю ВКЛ Гедыміну.

Помнік знаходзіцца на пляцоўцы ля Лідскага замку. Гэты замак быў заснаваны Гедымінам.

Аўтары помніка – скульптары Вольга Нячай і Сяргей Аганаў.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

[manual_related_posts]