У Магілёве прайшла прэзентацыя кнігі Віктара Марціновіча „Ноч”



Пісьменнік Віктар Марціновіч прадставіў 1 лістапада ў магілёўскім грамадскім цэнтры „Кола” свой новы раман на беларускай мове „Ноч”.

„Гэтая кніга пра будучыню, пра адну са стратэгій будучыні, якую відаць з 2018 года. Гэтая кніга ў значнай ступені пра Беларусь, хоць гісторыя, якая ў ёй распавядаецца, магла адбыцца дзе заўгодна. Гэтая кніга ў тым ліку пра экалогію, гэтая кніга пра той крызіс, які мы перажывем ужо зараз. Гэта кніга-метафара пра тое, што мы перажываем адчуванні нейкай ночы бясконцай”, — распавёў БелаПАН аўтар.

Кніга мае такую назву, паколькі, на думку Марціновіча, цяпер чалавецтва перажывае стадыю нейкай ночы. „Мне здаецца, што гэта тая стадыя развіцця чалавецтва, сведкамі якой мы з’яўляемся, — калі едзеш у цягніку, напрыклад, і бачыш, што ўсе пагружаныя ў гаджэты, усе аточаныя фэйк-ньюс і г.д. Гэта сон розуму, які адбываецца ўначы”, — адзначыў пісьменнік.

Паводле яго слоў, раман не з’яўляецца антыўтопіяй. „Гэта не антыўтопія, таму што ноч не ўведзеная ўказам нейкага кіраўніка, а яна усталявалася чамусьці, і ніхто не можа зразумець чаму”, — сказаў Марціновіч. „Кніга маскіруецца пад жанр постапакаліпсісау такога фантастычнага рамана пра будучыню, але з’яўляецца, на мой погляд, шматузроўневым філасофскім творам і пры гэтым гранічна сюжэтным”, — сказаў аўтар.

„Ноч” Віктара Марціновіча пабачыла свет ўсяго тры тыдні таму. Кніга ўжо была прадстаўленая ў Мінску, Гродне, Брэсце, Віцебску. Прэзентацыяй у Магілёве завяршаюцца мерапрыемствы па знаёмстве з ёй чытачоў у рэгіёнах. 2 лістапада „Ноч” зноў прадставяць у Мінску, пасля чаго яе можна будзе спампаваць у электронным выглядзе, прычым бясплатна.

Наклад кнігі, якая была выдадзеная выдавецтвам „Кнігазбор”, — 2.300 асобнікаў. Аб’ём — каля 400 старонак.

belapan.by