Пераклаў на расейскую мову вялікую колькасць беларускіх паэтаў. У гэтым шэрагу Мікола Гусоўскі, Янка Купала, Максім Танк, Анатоль Вялюгін, Рыгор Барадулін, Пімен Панчанка, Аляксей Пысін, Генадзь Бураўкін ды іншыя.
Нізку вершаў самога Ігара Шклярэўскага на беларускую пераклаў паэт Міхась Скобла.
«Мне здаецца, што цяпер у нас натуральная, нармальная сітуацыя, калі існуюць дзве розныя дзяржавы. Беларусь сёння сама вызначае сваю палітыку і сваё месцазнаходжанне. І хоць тут няма нейкіх срэбных ці залатых радовішчаў, але тут столькі душэўнага золата! Беларусь вякамі намывала „залацінкі дабрыні“, як сказаў Рыгор Барадулін. Жыццё само ўсё вызначыць. Жыццё — як рака, якая цячэ і не проста так кружляе. Яна кружляе, каб цячы далей, а каб цячы далей, яна часам паварочвае, выбірае сабе рэчышча. Так і ў жыцці краіны адбываецца», — так казаў пра сваю радзіму творца ў інтэрвію Свабодзе.
Ігар Шклярэўскі нарадзіўся 25 чэрвеня 1938 года ў Бялынічах на Магілёўшчыне ў сям’і настаўнікаў. Скончыў Бялыніцкую сярэднюю школу, паступіў у Магілёўскі пэдагагічны інстытут, але вучобу кінуў.