У Маскве ўрачыста адзначылі 135-гадовы юбілей Якуба Коласа



Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 135-годдзю выдатнага беларускага паэта Якуба Коласа, адбылося ў дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расеі.

„У кожнага народа ёсць песняры, прарокі, якія сілай свайго паэтычнага таленту вызначаюць не толькі шляхі развіцця роднай мовы, літаратуры, культуры, але і фарміруюць нацыянальную самасвядомасць. Яны становяцца сімваламі свайго народа. Для беларусаў адным з такіх сімвалаў з’яўляецца Якуб Колас”, – адзначыў саветнік-пасланнік пасольства Юрый Ярашэвіч.

Знакаміты беларускі пясняр унёс значны ўклад у нацыянальную і сусветную літаратуру. Яго творы перакладзены на больш як 40 моў свету. Жыццё і творчасць беларускага паэта, драматурга, грамадскага дзеяча цесна звязаны і з расійскім гісторыка-літаратурным працэсам, падкрэсліў дыпламат.

На мерапрыемстве сваю выстаўку „Якуб Колас: жыццё і творчасць. Расейскімі дарогамі Коласа” прадставіў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. На экспазіцыі, разгорнутай у дзелавым і культурным комплексе, былі прадстаўлены копіі рукапісаў, аўтографы, фальклорныя запіскі паэта, яго перапіска з сябрамі і калегамі па пяру, кнігі з дароўнымі подпісамі.

Праз гады да цяперашніх паклоннікаў сваёй творчасці звярнуўся і сам Якуб Колас. Праз дынамікі ў зале ўрачыстасцей і цырымоній дзелавога і культурнага комплексу прагучаў запіс яго голаса – вершы, прачытаныя самім аўтарам. Гасцям былі таксама прадэманстраваны відэапрэзентацыя аб жыцці і творчасці паэта, відэаролік пра Беларусь.

Яшчэ адным упрыгажэннем святочнага вечара стала літаратурная кампазіцыя ў выкананні артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча. Знакаміты верш паэта „Мой родны кут, як ты мне мілы!” на рускай і беларускай мовах прачыталі артысты тэатра Кацярына Фіневіч і Ігар Пятроў. Пакарыла гасцей дыпмісіі і сольнае выступленне знакамітага аркестра, якое завяршыла ўрачыстае мерапрыемства.

Ад імя пасла Беларусі ў Расеі Ігара Петрышэнкі артыстам і музыкантам былі ўручаны кветкі. Гарачымі апладысментамі іх віталі прадстаўнікі буйнейшых бібліятэк і музеяў Масквы, творчай інтэлігенцыі і беларускай дыяспары, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і Еўразійскай эканамічнай камісіі.

belta.by