У Менску адбудзецца вечарына «Тутэйшых»



14 снежня ў 18.30 у Менску, ў Палацы мастацтваў, адбудзецца святочная вечарына, прысвечаная 30-годдзю Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя».

12362_n

Травень 1987 года, Алесь Бяляцкі і Міхась Талочка. Сплаў па Дзівіне-Даўгаве супраць пабудовы Дзьвінскай ГРЭС, у якім браў удзел і човен з “Тутэйшымі”

20 снежня 2016 года Таварыству Маладых Літаратараў «Тутэйшым» — 30 гадоў. Пра гэта згадвае тагачасны старшыня Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» Алесь Бяляцкі:

— Залез у свой дзённік і адшукаў дакладную дату заснавання Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». 20 снежня 1986 года: „Доўга чакалі пакуль скончыцца Сысова праца і паехалі да яго на хату праводзіць першае пасяджэнне. Ён накарміў нас ліверкай, напаіў гарбатаю, праявіў мецэнацтва… …вырашылі цвёрда аформіцца, назвацца «Тутэйшымі», узяць арыентацыю на 20-я гады па смеласці пошукаў — і наперад. Вельмі добра, што з намі і адзін геній – Сыс».

sys9

На фота: Паэт Анатоль Сыс, Менск,  Дзяды 1989. Фота: Уладзімір Пучынскі-Пірог

У 1988 годзе паэт Анатоль Сыс распавядаў:

— Перад вечарынай рэспубліканскай грамадска-літаратурнай суполкі «Тутэйшыя» у Доме літаратара мне было сказана, што ад таго, як я правяду вечарыну (мелася на ўвазе спяванне «гімну маладых» «Пагоня»), залежыць мая будучыня. Манаполія на маю будучыню належыць выключна мне. Іншая справа – не толькі ад мяне залежыць мой дабрабыт. Мне распавялі, што пасля вечарыны “Тутэйшых” у Янкі Брыля запыталі: “Ну, як?” На што Янка Антонавіч адказаў: адным словам: “Тэатр!”. Магчыма, наш паважаны пісьменнік меў рацыю. Прынамсі, я шмат у чым тэатр аднаго паэта. Але часам мне здаецца што і маё пакаленне і тыя справы, што яно робіць, успрымае, як гульню. Дык што, тэатр аднаго пакалення? Калі гэта так, то нам проста неабходна ўзняцца на вышэйшую прыступку ўсведамлення сябе ў дачыненні да грамадства, а потым і да літаратуры.  (Інтэрв’ю з паэтам Анатолем Сысам. Чырвоная змена. 30 ліпеня 1988 года”).

3286_n

Эмблема “Тутэйшых”

 Беларускае Радыё Рацыя