У Менску гукалі вясну



Абрад Гукання вясны прайшоў на найстарэйшым рынку Менска. Яго правяло Студэнцкае этнаграфічнае таварыства пры падтрымцы адміністрацыі «Чэрвеньскага рынку ў Лошыцы».

gukanne_vyasn71

Усе ахвотныя змаглі пагукаць вясну ў беларускай сталіцы. Кажа рэжысёрка свята Наталля Ермалінская:

– Сярод наведвальнікаў рынку раптоўна з’явіліся людзі ў беларускіх народных строях і пачалі спяваць веснавыя песні. Мы з песнямі выйшлі на пляцоўку ля рынка, пагукалі, паспявалі традыцыйныя веснавыя песні-заклічкі, а пасля прайшліся агульным карагодам па ўсяму рынку. Да нас далучаліся людзі. Пасля мы зладзілі на пляцоўцы гулянне з танцамі і гульнямі. Былі ў нас і дудары, і бубны, і гармонікі. Рэакцыя людзей была вельмі пазітыўная, станоўчая.

Гуканне вясны – гэта свята абуджэння прыроды, ушанаванне вясны як пары сонца, цяпла і кахання.

gukanne_vyasny780

Гледачы пачулі аўтэнтычныя песні-вяснянкі, змаглі далучыцца да карагодаў, паскакаць пад дуду і пагуляць у традыцыйныя гульні беларусаў.  Адмыслова для свята былі прыгатаваныя “жавараначкі” – печыва ў форме птушак, а прадпрымальнікі рынку парадавалі святочнымі зніжкамі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота news.tut.by