У Менску можна пабачыць інтэрпрэтацыі „Нябесных бегаў” Драздовіч



Серыя факсіміле з лінагравюр геніяльнага Язэпа Драздовіча прадстаўлена студыяй Imago.by, што займаецца старадаўнімі картамі і гравюрамі.

Экспазіцыя працуе да 16 красавіка ў межах выставы «Колер Беларусі» да 55-годдзя Міхала Анемпадыстава.

Распавядае Ілля Андрэеў, студыя Imago.by.

– Па-першае, мы ўдзячныя арганізатарам выставы, што нас запрасілі. Мы тут прадстаўленыя двума праектамі. Першы – гэта рэканструкцыя гравюры Горадні, надрукаванай у 1568 годзе, другі праект, які, мне здаецца, больш дапаўняе асноўную выставу, прысвечаную памяці Міхада Анемпадыстава, – гэта факсімільныя прынты Язэпа Драздовіча «Нябесныя бегі». Яны былі выкананыя па ягонай кнізе, выдадзенай у 1931 годзе. На маю думку, гэта не тое, што кніга, гэта – мастацкі аб’ект, які яшчэ недастаткова асэнсаваны. Мы выступаем, у прынцыпе, як даследчыкі, у нейкай меры – як інтэрпрэтатары. Ну то запрашаем паглядзець і самім пашукаць адказы на пытанні, на якія яшчэ не знойдзеныя адказы. Як мы шукалі – мы не знайшлі адказы на многія пытанні творчасці Драздовіча.

Валянціна Андрэеева, студыя Imago.by:

Ці хоча мастак бяссмерця? Ці хоча ён, каб яго работы глядзелі, ацэньвалі, інтэрпрэтавалі праз гады і праз стагоддзі? Пытанне рытарычнае, вядома, кожны мастак хоча, каб нашчадкі зноў і зноў звярталіся да яго творчасці і знаходзілі ў гэтай творчасці нешта сваё. Беларусы маюць скарб у асобе Язэпа Драздовіча. Але гэты скарб зацвіце і пакрыецца пылам, калі яго не ўзнаўляць зноў і зноў, калі не звяртацца да гэтай творчасці, калі не вывучаць яе і не выкарыстоўваць яе ў штодзённым жыцці. Сёння кніга «Нябесныя бегі» зусім мала вядомая нават спецыялістам, нават мастацтвазнаўцам. І вось мы паспрабавалі ўзнавіць лінарыты Драздовіча так, як ён іх выразаў у першай палове 20-га стагоддзя, надрукаваць іх па той жа тэхналогіі і ўбачыць тое, што бачыў мастак. Паспрабаваць паглядзець на іх ягонымі вачыма і адчуць, што ж ён хацеў імі сказаць.

Язэп Драздовіч стварыў арыгінальную дэталёва распрацаваную сістэму касмалагічных уяўленняў, праўда, ужо і на той момант фантастычных. Ён верыў, што ўсе планеты “Соўнечнай” сістэмы населеныя. Што на Месяцы ёсць жыццё – і гэтае жыццё ён падрабязна апісаў у сваіх дзённіках як убачанае ў “самнамбулічных падарожжах”. Драздовіч не ведаў матэматыкі, але разлічваў графічна ўзаемаадносіны планет. Там, дзе не хапала тэрмінаў, ён прыдумляў уласныя азначэнні. І зараз яго лексіка ў каго заўгодна здольная выклікаць “касмавізію”.

Выстава працуе да 16 красавіка ўключна.

Беларускае Радыё Рацыя