У Менску пачала працу выстава „Кракаўскія калядныя батлейкі”



Калядная выстава кракаўскай батлейкі была прэзентаваная ў сталічным Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

Гаворыць яго дырэктар Алег Рыжкоў.

– Мы ўсе напярэдадні калядных святаў. Кракаў вядомы тым, што яны ўжо шмат гадоў праводзяць фестываль каляднай батлейкі. Выбіраюць лепшае і такім чынам фармуюць фонд музея гісторыі Кракава. І будучы там 2-3 гады таму, гэтая выстава нас вельмі зацікавіла, мы марылі пра яе. І зоркі сышліся на тым, што Польскі інстытут у Менску, музей Кракава і наш музей адкрылі гэтую выставу. Усіх запрашаем паглядзець яе і атрымаць сапраўднае задавальненне.

Кракаўская калядная батлейка – унікальны кампанент еўрапейскай культуры, яе традыцыя пачынаецца ў чатырнаццатым стагоддзі і доўжыцца да нашых часоў.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара

* * * 

Выстаўка „Кракаўскія калядныя батлейкі” пройдзе з 12 снежня па 14 студзеня ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

Напярэдадні калядных і навагодніх свят музей запрашае дзяцей і дарослых зрабіць падарожжа ў дзіўны свет гісторыі кракаўскіх батлеек.

Кракаўскія батлейкі (ад польскага Betleem – назва г. Віфлеема) – гэта багата ўпрыгожаныя сцэны з архітэктурнай спасылкай на выдатныя мясціны Кракава. Разнастайнасць кракаўскіх касцёлаў стала для стваральнікаў тэатраў лялек крыніцай натхнення. Гэта форма батлейкі сфарміравалася ў XIX ст., распаўсюдзілася ў XX ст. і культывуецца да гэтага часу, з’яўляючыся правобразам сучасных тэатраў лялек.

Гістарычны музей Кракава з 1946 года арганізуе штогадовыя конкурсы і выстаўкі батлеек, якія вызначаюцца надзвычайнай рэлігійнай, мастацкай, патрыятычнай і гістарычнай каштоўнасцю. Рэгламент на роўных правах дапускае да ўдзелу ў конкурсе работы прафесіяналаў (архітэктараў, мастакоў) і мастакоў-аматараў. На выстаўцы прадстаўлены батлейкі з фондаў Гістарычнага музея Кракава, якія атрымлівалі высокія ацэнкі і ўзнагароды. Адметнасцю з’яўляюцца сцэны з персанажамі гістарычнымі (каралямі, нацыянальнымі героямі, заслужанымі людзьмі) і легендарнымі (напрыклад, Трубачом, спадаром Твардоўскім). Некаторыя батлейкі маюць складаныя механізмы, убудаваныя музычныя канструкцыі, з якіх гучаць кракаўскія мелодыі або найбольш папулярныя калядныя песні.

Выстаўка падрыхтавана Гістарычным музеем Кракава і Польскім інстытутам у Менску.

belta.by