У Менску пачынаецца Міжнародны фестываль тэатраў лялек



Калектывы з Ірана, Балгарыі і Іспаніі ўпершыню будуць удзельнічаць у Міжнародным фестывалі тэатраў лялек у Менску, паведаміў журналістам мастацкі кіраўнік форуму, галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксей Ляляўскі.

Паводле яго слоў, юбілейны, дзясяты фестываль, які пройдзе з 18 па 21 траўня, упершыню прадставіць работы калектываў з Ірана, Балгарыі і Іспаніі. „Балгарыя мае моцныя традыцыі лялечнага мастацтва, – сказаў Аляксей Ляляўскі. – Цяпер у Балгарыі вырасла новае пакаленне, і гэта цікавыя, спецыфічныя работы сцэнографаў і мастакоў”. Гледачам будзе прадстаўлены спектакль „Я, Сізіф” тэатра Puppert`s Lub з Балгарыі.

Прысутнасць у афішы іранскай пастаноўкі таксама тлумачыцца цікавымі працэсамі ў лялечным тэатры. Спектакль „І ён сказаў” калектыву Ariya group у праграме 20 траўня. Гэта не новы спектакль, але вельмі цікавы, быў паказаны ў шэрагу краін, дзе сустрэты публікай з радасцю.

Яшчэ адным адкрыццём для гледача стане спектакль „Хутка, але не занадта” калектыву з Іспаніі Zero en Conducta.

Усяго за чатыры дні менчане ўбачаць 14 спектакляў з 7 краін. „Па традыцыі праграма складаецца з дзвюх частак: замежных пастановак і беларускіх тэатраў. Пастаноўкі з-за мяжы прывабныя выкарыстаннем незвычайных форм, гэта работы, якія ўжо зарэкамендавалі сябе на міжнародных сцэнах. Беларускі складнік на форуме па традыцыі вельмі моцны”, – дадаў Аляксей Ляляўскі.

Запланаваны майстар-класы і дыскусіі з гледачамі і крытыкамі. Цікавую праграму рыхтуе група „Нагуаль”. Прагучаць кампазіцыі, напісаныя спецыяльна для тэатраў лялек, на музычным вечары 18 траўня, які пройдзе ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек.

Спектаклі форуму можна ўбачыць на пяці пляцоўках горада – Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, Новага драматычнага тэатра, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а таксама на Малой сцэне Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра і Камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

belta.by