Экскурсія «Менск новамучанікаў» у сталіцы Беларусі



У Менску прайшла экскурсія «Менск новамучанікаў», якую правяла супрацоўніца паломніцкай службы Свята-Елізавецінаскага манастыра Таццяна Хамянкова.

Прайсці пакуты, прыняць смерць, але не адрачыся ад Хрыста. Як гэта было ў савецкія часы, — пра гэта вялася гаворка на экскурсіі:

— Новамучанікі — гэта свяшчэннамучанікі, гэта тыя святары, якія прынялі пакутніцкую смерць у гады савецкіх рэпрэсій і ганенняў на Цавркву, хто не падпісаў абвінавачванняў, якія былі ім прад’яўленыя, нікога не агаварыў і перш за ўсё не адрокся ад Хрыста перад пакутніцкай смерцю і перад расстрэлам, як гэта было ў большасці выпадкаў.

Падчас экскурсіі гаворка вялася не толькі пра саміх святароў-новамучанікаў, якія пацярпелі ад камуністаў, але і пра менскія храмы, знішчаныя савецкай уладай, дзе яны служылі.

Да новамучанікаў Беларуская праваслаўная царква афіцыйна далучыла колькі дзясяткаў святароў. Насамрэч, тых, хто не зрокся веры ў часы выпрабаванняў, значна болей. Але ж дакументы іх допытаў, следчых спраў знішчаныя, або схаваныя.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя