У Менску прайшло свята грэцкай культуры



“Калімера” (што па-грэцку азначае “Добры дзень”) — пад такой назвай у Менску прайшло свята грэцкай культуры. Яго наведвальнікі змаглі пабачыць тэатралізаваны паказ “Рэха Элады”, пазнаёміцца з карцінамі мастака Паўла Дзімітрыадзі, а таксама паглядзець на выступы нацыянальных спевакоў ды музыкаў.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел і этнічныя грэкі, якія жывуць у Беларусі. Сярод іх Ігар Саўлідзі:

– У Беларусь мае продкі трапілі з боку бацькі ў часы Другой сусветнай вайны. Мой дзед служыў у войску, краснаармейцам, і бабуля з дзецьмі ішла ўслед за наступаючай Чырвонай арміяй. І яны аселі ў горадзе Ашмяны ў Гарадзенскай вобласці. І вось адтуль мы з’явіліся тут.

Ігар падчас свята дэманстраваў адзін з гістарычных грэцкіх касцюмаў:

– Гэта касцюм пантыйскага грэка. Пантыйскія грэкі, прасцей пантыйцы, яны жылі на поўначы сучаснай Турцыі, і адтуль гэты касцюм пайшоў. Трэба было супрацьстаяць турэцкай экспансіі, таму яны ваявалі. 

РР: А чаму такі дзіўны капялюш, які закрывае вушы?

– Гэта башлык. Гэта хучэй горскі касцюм, у гарах бывае зімна.

Грэцкая дыяспара ў Беларусі — адна з самых нешматлікіх. Па дадзеных апошняга перапісу насельніцтва, які праводзіўся ў 2009 годзе, іх колькасць складала 617 чалавек. Ці змянілася гэтая лічба, пакажа наступны перапіс, які распачнецца сёлета 4 кастрычніка.

 
 
 
 
 
 
Кася Манюк, Беларускае Радыё Рацыя