У Менску праходзіць фестываль еўрапейскай прозы «Еўрапеана»



«Краіна мрой» – круглы стол пісьменнікаў і перакладчыкаў прайшоў у межах фестывалю еўрапейскай прозы «Еўрапеана». У пасольстве Чэхіі ў Менску дыскутавалі пра агульную гісторыю постсавецкай прасторы, сярод іншых, народжаная ў Браціславе швейцарская журналістка і пісьменніца Ірэна Брэжна, кніжка якой выйшла якраз па-беларуску, ды беларускі пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў. Мадэратар круглага стала, перакладчык Сяргей Сматрычэнка мяркуе, што агульны лёс і вопыт народаў у Сярэдняй і Усходняй Еўропе ўплывае на адчуванне і разуменне літаратуры суседзяў:

– Хто каго чытае, хто каго перакладае. Гэта перадусім суседзі. Агульнае адчуванне, безумоўна, ёсць. Беларуская сітуацыя трохі спецыфічная тым, што ў нас дадаюцца яшчэ моманты моўныя, або нацыятворчыя. Але гэтыя моманты як раз адлюстроўваюцца ў самой беларускай літаратуры. Каб не варыцца ва ўласным саку, то, відаць, і трэба выходзіць па-за межы. Падобная гісторыя, або пераадоленне падобных праблем – гэта тое, што нам будзе цікава.

Фестываль еўрапейскай прозы „Еўрапеана” завершыцца сёння прэзентацыяй рамана пісьменніцы Ірэны Брэжны “Найлепшы з усіх светаў” у менскай кнігарні «Логвінаў».

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя