У Менску прэзентавалі шматмоўны паэтычны зборнік
На беларускую мову перакладзеныя вершы чатырох аўтарак: з Польшчы (Юстына Баргельская), Чэхіі (Марыя Ільяшэнка), Славакіі (Катарына Куцбелава) ды Вугоршчыны (Тымэа Пензэш). Выданню паспрыяла менская філія Польскага інстытута.
Гаворыць яе дырэктар Томаш Адамскі:
– Для нас, як Польскага інстытуту, гэта вельмі цікавая імпрэза. І тое, што ўдалося гэта зрабіць у фармаце літаратурнай сустрэчы. Спадзяёмся, што гэта быў вельмі цікавы досвед і для публікі, і для саміх аўтарак, якія маглі сустрэцца і паразмаўляць паміж сабой. Такі дыялог-спатканне дае значна больш, чым проста кніга, фільм ці інтэрнэт, таму пастараемся арганізоўваць такія мерапрыемствы часцей. Маю надзею, што гэтая сустрэча стане пачаткам вялікага цыклу літаратурных аўтарскіх сустрэч, якія адбываюццца ў іншых краінах. Хочам прынесці гэту традыцыю і ў Беларусь.
Прэзентацыю кнігі “Чатыры” таксама наведала дырэктарка Чэшскага цэнтра ў Кіеве Люцыя Рэгарыкава:
– Я думаю, самі паэткі сёння сваімі вершамі ўсё сказалі і закранулі агульначалавечыя праблемы, якія актуальныя для ўсіх нас. І разам з тым самі адчулі гэта, бо фізічна тут прысутнічалі. Я думаю, гэта сапраўдны сімвал таго, што з сённяшняй сустрэчы народзяцца новыя кантакты паміж нашымі краінамі.
Прэзентацыя зборніка “Чатыры” была заяўленая як “Рэха Месяца аўтарскага чытання”. Мадэратар імпрэзы паэт Андрэй Хадановіч спадзяецца, што кніга стане чарговым крокам да таго, каб той “Месяц” калісьці прайшоў і ў Беларусі.
Па традыцыі адзін з найбуйнейшых еўрапейскіх паэтычных фестываляў адначасова ладзіцца ў Брно, Уроцлаве, Кошыцэ, часам завітвае ў Львоў.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.
Фота instpol.by
