У Менску пройдуць першыя польска-беларускія чытанні



Упершыню ў беларускай сталіцы Польскі Інстытут у Менску ладзіць польска-беларускія чытанні легендарнай п’есы Станіслава Выспяньскага «Вяселле».

Праект ажыццяўляецца пад дэвізам “Літаратура без межаў” і мае сваёй асноўнай мэтай нагадаць пра важнасць чытання і асалоду ад сустрэчы з кнігай. Літаратурнымі чытаннямі ў Менску арганізатары імкнуцца падкрэсліць сяброўства, супольную спадчыну і блізкія культурныя сувязі паміж народамі Польшчы і Беларусі. 2 верасня чытаць “Вяселле” будуць на дзвюх мовах, на выбар удзельнікаў: у арыгінале на польскай мове і ў перакладзе Лявона Баршчэўскага на беларускую мову. 

Чытанні адбудуцца 2 верасня а 17-й гадзіне ў Доме Дружбы (вул. Захарава, 28).

Кожны, хто любіць чытаць, можа далучыцца і публічна прачытаць абраны кавалак разам з дыпламатамі, літаратарамі, перакладчыкамі, мастакамі, дзеячамі беларускай і польскай культур, студэнтамі паланістыкі, слухачамі курсаў польскай мовы, а таксама ўсімі, каму блізкая польская мова і каго цікавіць польская культура.

За правіламі ўдзелу сачыце на www.instpol.by, а таксама на старонках Польскага Інстытута ў Менску ў сацыяльных сетках FB і VK.

У чытанні прымаюць удзел прафесійныя акцёры розных тэатраў Мінска, аўтарскую музыку выканаюць Эрык Арлоў-Шымкус і Андрэй Еўдакімаў, будуць паказаны фотапраекцыі выяўленчых твораў аўтара п’есы, а таксама фатографа Волі Савіч, кадры са знакамітай кінастужкі Анджэя Вайды і шмат іншага. Тэатралізаваную частку ладзіць “Тутэйшы тэатр” (Тэатральны праект Андрэя Саўчанкі).

2 верасня ў Польшчы праходзіць акцыя “Нацыянальнае чытанне” пад патранажам прэзідэнта РП Анджэя Дуды і яго жонкі Агаты Корнхаўзер-Дуды. У фінале “Нацыянальнага чытання” ў гэтым годзе ўдзельнічаюць тысячы пляцовак і ўстаноў культуры не толькі ў Польшчы, але і ва ўсім свеце: ад Аўстраліі і Новай Зеландыі да ЗША – між іншым Украіне, Літве, Латвіі, Германіі, Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі і Венгрыі.

Тым, хто жадае пачытаць “Вяселле” Станіслава Выспяньскага на польскай або беларускай мове трэба запоўніце заяўку на ўдзел у мерапрыемстве.