У Менску ўсталююць помнік мітрапаліту Філарэту



Помнік прапанавана ўсталяваць каля Свята-Духава кафедральнага сабора ў цэнтры горада.

Мітрапаліт Філарэт памёр 12 студзеня гэтага года на 86-м годзе жыцця ў менскай бальніцы ад ускладненняў, выкліканых COVID-19. Пахаваны на брацкіх могілках Свята-Успенскага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра ў Жыровічах (Слонімскі раён Гараденскай вобласці).

20 лютага Сінод Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ) прыняў рашэнне прасіць улады ўшанаваць памяць мітрапаліта Філарэта, першага патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі.

Сінод заснаваў мемарыяльную камісію на чале з архіепіскапам Навагрудскім і Слонімскім Гурыем, якой даручана распрацаваць прапановы аб мерах ушанавання памяці мітрапаліта Філарэта.

Згодна з рашэннем Сінода імя першага патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі прысвоенае бібліятэцы Менскай духоўнай акадэміі. Акрамя таго, заснаваны штогадовыя фестываль памяці мітрапаліта Філарэта і спецыяльная штогадовая прэмія яго імя для найлепшых выкладчыкаў і студэнтаў вышэйшых духоўных навучальных устаноў БПЦ.

Філарэт (у свеце Кірыл Вахрамееў) узначальваў Менскую мітрапаліцкую кафедру 35 гадоў — з 1978-га па 2013 год. Дзякуючы яго намаганням у Беларусі былі адноўленыя гістарычныя і ўтвораныя новыя епіскапскія кафедры, пачалося адраджэнне духоўнага жыцця ў закрытых раней храмах і манастырах, былі ўтвораныя сотні новых прыхадскіх абшчын.

У 1989 годзе з яго ініцыятывы Архірэйскі сабор РПЦ утварыў Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхата.

У 1990 годзе мітрапаліт Філарэт быў абраны народным дэпутатам Вярхоўнага савета БССР (пасля — Рэспублікі Беларусь), старшынёй камісіі ВС па пытаннях дэпутацкай этыкі. Са студзеня па снежань 1991 года быў народным дэпутатам СССР.

У 2009 годзе праваслаўны іерарх быў адным з трох кандыдатаў на пасад патрыярха Маскоўскага, аднак ён зняў сваю кандыдатуру на карысць Кірыла, на той момант мітрапаліта Смаленскага і Калінінградскага, а цяпер — прадстаяцеля РПЦ.

31 траўня 2010 года Святы сінод РПЦ адхіліў прашэнне Філарэта аб накіраванні яго на адпачынак у сувязі з дасягненнем 75-годдзя. Паўторнае прашэнне было задаволенае 25 снежня 2013 года. Пасля сыходу на адпачынак Філарэт быў найменаваны ганаровым патрыяршым экзархам усяе Беларусі.

belapan.by