У Наваградку знайшлі артэфакты X-XII стагоддзяў



Падчас раскопак на тэрыторыі Малога замка ў Наваградку выяўленыя артэфакты X-XII стагоддзяў.

Асноўная маса выяўленых аб’ектаў – бытавыя рэчы. Мяркуючы па іх характары, на думку навукоўцаў, гэта была кавальская майстэрня квартала рамеснікаў, сфармаванага ў эпоху Яраслава Мудрага. Менавіта з сынам вялікай княгіні Рагнеды і звязана першае згадванне Навагарод у Верхнім Панямонні – 975 гадоў таму.

Выявілі больш за паўсотні лёзаў і касцяных дзяржальняў нажоў, а таксама частка выраба, падобнага на нажніцы, аскепкі керамікі, арнамент на якіх нанесены пазногцем.

– Знойдзена таксама вялікая колькасць плінфы і палавой пліткі. Яна, як бачыце, стаптана. Гэта значыць, людзі хадзілі па ёй і даволі інтэнсіўна. Ёсць сляды вапны. Гэта значыць, яна была выкарыстана. Пад помнікам Міцкевічу, магчыма, знаходзіцца культавы будынак, – распавёў у інтэрв’ю тэлеканалу ОНТ навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Павел Кенько.

Дзе будуць захоўвацца артэфакты, яшчэ не вырашылі. Але, хутчэй за ўсё, у краязнаўчым музеі. Зараз навукоўцы завяршаюць справаздачу аб палявых даследаваннях і рыхтуюцца да новай экспедыцыі ў раён помніка Адаму Міцкевічу.

zviazda.by