У Наваполацку адбыўся дзіцячы Міжнародны конкурс песні „Халі-Хало”



Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні „Халі-Хало” прайшоў у Наваполацку 18-19 лістапада. „Ён атрымаўся вельмі яркім, шчырым, са сваім непаўторным каларытам. Упэўнена, конкурс набярэ яшчэ большыя абароты”, – сказала сябра журы Ірына Дарафеева. Вельмі важна, паводле яе слоў, што наваполацкі форум набыў у гэтым годзе міжнародны статус. „Нараўне са значным прадстаўніцтвам нашых дзяцей удзел замежных юных выканаўцаў умацаваў конкурс, павысіў яго планку. І гэта цудоўна, так і павінна быць”, – падкрэсліла заслужаная артыстка.

У складзе журы майстэрства ўдзельнікаў ацэньвалі педагогі па вакале, кампазітары і дзеячы мастацтваў з Беларусі, Эстоніі, Малдовы, Украіны. Сваім меркаваннем аб высокім узроўні выканальніцкага майстэрства беларускіх канкурсантаў, іх прафесіяналізме яны падзяліліся з Ірынай Дарафеевай. „Гэта было вельмі прыемна чуць”, – адзначыла яна.

Пры выбары пераможцаў членам журы давялося нялёгка. „Вызначыць лепшых ва ўзроставых катэгорыях, асабліва ў сярэдняй групе, было складана, таму што падабраўся даволі моцны склад удзельнікаў. На званне ўладальніка Гран-пры мы выбіралі зорачку, яркі талент, які валодае ўласнай энергетыкай і харызмай. З трох прэтэндэнтаў мае замежныя калегі асабліва вылучылі Мікіту Бялько з Менска, якому ў выніку і было прысуджана гэта званне”, – расказала старшыня судзейскай калегіі. Ірына Дарафеева ўпэўнена, што ў будучым гэты выканаўца несумненна можа стаць сапраўднай зоркай і дабіцца вялікіх поспехаў, калі будзе працаваць над сабой.

За перамогу ў конкурсе спаборнічалі 54 удзельнікі. Першае месца ў малодшай узроставай групе (ад 8 да 10 гадоў) заваяваў Даніэль Вольскі (Менск), у сярэдняй (ад 11 да 13 гадоў) – Ліліяна Садоўская (Магілёў), у старшай (ад 14 да 16 гадоў) – Алена Алферына (Румынія). Уладальнікам Гран-пры стаў мінчанін Мікіта Бялько.

belta.by