У Нью-Ёрку выйшаў “Беларус-2017”



У Нью-Ёрку ў выдавецтве “Беларус” выйшаў з друку адзінаццаты выпуск штогадовага літаратурнага альманаха беларускіх пісьменнікаў замежжа “Беларус”. Заснавальнікам і выдаўцом “Беларуса” з’яўляецца Марат Клакоцкі. Гэта дзякуючы яму і тым, хто ахвяруе на выданне сродкі, альманах “Беларус” выдаецца ўжо адзінаццаць гадоў запар.

На 420 старонках новага “Беларуса” змешчаныя творы 29 аўтараў, якія зараз жывуць у 10 краінах.  Сярод аўтараў чытачы прачытаюць новыя творы беларускай іспанкі Эсьпіносы Руіс Анхэлі. Цудоўныя і шчырыя вершы:

Я кахаю цябе без “чаму”, без “чаго”,

Я кахаю цябе: ты цяпло, ты бяспека,

Я кахаю цябе (беларуса майго),

Зацалую, як месяц, святыя павекі…

У альманаху “Беларус” з арыгінальнай падборкай новых твораў выступае Макс Шчур, які ў 2015 годзе за раман “Завяршыць гештальт” атрымаў прэмію Ежы Гедройца. З вялікім задавальненнем чытаюцца ў альманаху новыя творы Ірыны Варабей, Віталя Зайкі, Зянона, Якуба Лапаткі, Алега Мінкіна, Іны Снарскай, Ірыны Хадарэнкі, Алеся Тарановіча, Валянціны Якімовіч і многіх іншых беларусаў, якія жывуць у розных кутках свету.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя