У палацы Пуслоўскіх адчынілася часовая музейная экспазіцыя



У  палацы Пуслоўскіх ХІХ стагоддзя ў Косаве адчынілася часовая музейная экспазіцыя. Пакуль падрыхтаваны для экскурсій толькі 5 залаў.

З матэрыялаў на стэндах можна даведацца пра Пуслоўскіх, пра гісторыю палацу і краю. Адкрыў мерапрыемства старшыня Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Грыцук:

– Я лічу, што гэты помнік заслужана ўнесены ў шэраг прыярытэтных аб’ектаў рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, не маючых аналагаў у беларускай архітэктуры. Зараз аднаўленне гісторыка-культурнай каштоўнасці працягваецца. І хутка наш рэгіён упрыгожыць унікальны гатэльна-турыстычны комплекс.

На думку прысутнага на імпрэзе дырэктара Музея-сядзібы “Пружанскі палацык” Юрыя Зялевіча, мінусам экспазіцыі з’яўляецца адсутнасць  беларускай мовы на стэндах:

– Цудоўна, што адрамантавалі, адрэстаўравалі. Цудоўна, што нешта адбываецца  ў сэнсе музейнай справы. Тое, што мы зараз пабачылі, гэта нейкая штучная экспазіцыя. Але што ўразіла, што на расейскай мове. Ангельская і расейская. Трэба ўсё ж такі аснову рабіць на беларускай.

Прадстаўнікі ўладаў агучылі, што цалкам рэстаўрацыю палацу мяркуецца завершыць у 2023 годзе. Адпаведна, павялічацца і выдаткі на аднаўленьне палацу Пуслоўскіх.

Беларускае Радыё Рацыя