У Паставах усталявалі мемарыяльную дошку ў гонар Станіслава Ясюкевіча і Зыгмунта Кенстовіча



Мемарыяльную дошку ў гонар акцёраў-землякў Станіслава Ясюкевіча і Зыгмунта Кенстовіча ўсталявалі ў Паставах. Яна будзе вісець на пастаўскім кінатэатры.

На мерапрыемстве прысутнічалі мясцовыя ўлады, ганаровыя госці з Беларусі і Польшчы, краязнаўцы, жыхары горада.

Па словах пастаўскага краязнаўцы Міхася Гіля, у мінулым годзе пра гэтых акцёраў ён выдаў кнігу, а цяпер спрычыніўся да ўвекавечання памяці артыстаў і вырабу дошкі.

— Гэта вядомыя польскія тэатральныя і кінаакторы, а Кенстовіч таксама шмат запісваў для радыё вяшчання. Яны здымаліся ў культавых польскіх рэжысёраў пасляваеннага перыяду.   

Станіслаў Ясюкевіч – вядомы польскі акцёр, які нарадзіўся ў Паставах. Зняўся ў 23 мастацкіх фільмах, сярод якіх «Крыжакі», «Чатыры танкісты і сабака», «Стаўка большая, чым жыццё». Зыгмунд Кенстовіч — выбітны польскі акцёр, які пражыў у Паставах 17 год. Зняўся ў 24 кінафільмах і 13 серыялах, у тым ліку «Патоп», «Корчак», «База мёртвых людзей».

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара