У Пінкавічах прайшлі „Каласавіны”



З нагоды 135-годдзя Якуба Коласа на Піншчыне, ў вёсцы Пінкавічы, зладзілі літаратурнае свята “Каласавіны”. Урачыстасці адбыліся на базе Народнага музея імя Якуба Коласа.

Вучні з раённых школ падрыхтавалі тэатралізаваныя сцэнкі па творах класіка айчыннай літаратуры, спявалі песні ды чыталі вершы Коласа. 

Выступаючы перад прысутнымі, літаратар Анатоль Шушко прыгадаў, як упершыню, будучы студэнтам БДУ наведаў Мікалаеўшчыну, дзе жыла сям’я пісьменніка:

– Мы паглядзелі музей Якуба Коласа ў Мікалаеўшчыне і сустрэліся з дзядзькам Юзікам. Вось стаіць такі няголены дзядок, не высокі, сівы і лупцуе на памяць доўга-доўга коласаўскую “Новую зямлю”. Аказваецца “Новую зямлю” ён усю ведаў на памяць.    

Удзел у мерапрыемстве таксама ўзялі нашчадкі вучняў Якуба Коласа, якія дагэтуль жывуць у Пінкавічах. Завяршыліся “пінкавіцкія Каласавіны” частаваннем вялікім караваям.

Беларускае Радыё Рацыя