У Пінску адкрылася выстала прац Хэлены Скірмунт



У Музеі Беларускага Палесся ў Пінску ўрачыста пачала працу выстава ўдзельніцы вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў.

Творы мастачкі і скульптара Хэлены Скірмунт экспануюцца ўпершыню, яны з 1930-х гадоў захоўваліся ў фондах установы, частку з якіх тады перадаў выбітны палітычны дзеяч, прэм’ер-міністр БНР Раман Скірмунт.

За ўдзел у паўстанні Хэлена Скірмунт пазбавілася маёнтка і 8 год з сям’ёй правяла ў ссылцы. На пытанне: што прымусіла заможнага чалавека падтрымаць вызваленчы рух? Гісторык Васіль Пашковіч адказвае словамі генерала, аднаго з кіраўнікоў паўстання Рамуальда Траўгута:

— Ён таксама быў шляхецкага роду, вайсковец, падпалкоўнік. І мне спадабаліся такія ягоныя словы: «Я не магу заставацца ў баку, калі большасць рызыкуюць усім» і прыняў удзел у паўстанні. Мабыць і яна была такога складу душы чалавек і вырашыла дапамагчы паўстанцам.

Выстава Хэлены Скірмунт у Музеі Беларускага Палесся будзе працаваць па 10-га сакавіка, з аўторка па пятніцу. Дарэчы ў Пінску на старажытных могілках захавалася магіла Хэлены, яе мужа Казіміра і дачкі Канстанцыі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск