У Пінску прадставяць «Творчую мазаіку Гелены Скірмунт»



У Пінску прадставяць творы ўдзельніцы вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў Гелены Скірмунт (1827-1874). У ХІХ стагоддзі яна заявіла пра сябе, як таленавітая мастачка і скульптар. Зрабіла шмат архітэктурных і гістарычных замалёвак спадчыны Вялікай Літвы, роднага Пінска. Дагэтуль захавалася яе скульптура Ісуса Хрыста ў касцёле горада Іванава, што на захад ад Пінска.

Акрамя таго яна пакінула цікавыя ўспаміны пра свае жыццё, кажа краязнаўца Міхаіл Карсека:

– У сваёй кнізе “Жыццё ліцвінкі” яна расказвае, з якой жорсткасцю абыходзіліся з паўстанцамі, і як на парозе іхнага дома быў зарэзаны адзін з удзельнікаў паўстання. Яе самую забралі ў Пінск на допыт. А пасля выслалі, як мы кажам, у Сібір.

Выстава будзе працаваць у Пінскім музеі з 3 лютага па 10 сакавіка. Артэфакты, якія прадставіць музей, – унікальныя, бо амаль 90 год захоўваліся ў фондах і ніколі не экспанаваліся. Шмат рэчаў захаваліся, дзякуючы выбітнаму палітычнаму дзеячу, прэм’ер-міністру БНР Раману Скірмунту.

publikatsiya1

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота media-polesye.by