У Пінску рыхтуюцца адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы



Піншчына рыхтуецца да Міжнароднага дня роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага. Свята роднай мовы ў Пінску пачнецца ад самога ранку ў гарадской бібліятэцы адкрыццём гукавой выставы “Паклон беларускаму слову” і працягнецца шэрагам імпрэз у розных культурна-асветніцкіх установах.

Пераважна гэта будуць сустрэчы моладзі з пінчукамі, якія прысвяцілі свае жыццё беларускай справе. Сярод такіх – літаратар Анатоль Шушко, які атрымаў прышчэпку беларушчыны ў студэнцкія гады.

– Алег Антонавіч Лойка і Ніл Сымонавіч Гілевіч – гэта галоўныя для мяне асобы. Калі вучыўся на філфаку, іх бачыў амаль штодзень. Але й той жа Варлен Леанідавіч Бечык дазволіў мне выйсці ў свет. Таму што дзякуючы яму, з яго лёгкай рукі, я быў надрукаваны ў тыднёвіку “Літаратура і мастацтва” ў 1971 годзе.

Таксама ў Пінскай гарадской бібліятэцы для моладзі выступіць Яўген Салейчук, які займаецца прафесійным перакладам твораў вядомага польскага публіцыста Рышарда Капусцінскага на беларускую мову.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя