У Полацку распавядуць пра цуд на Дзвіне



10 мая ў Полацку адбудзецца дванаццатая сустрэча праекту «#ЖываяМова». Тэма занятку «Святы Казімір і цуд на Дзвіне».

Пра адну малавядомую падзею з часоў вайны Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай (1512-1522) і пра яе ўплыў на духоўнае і культуральнае жыццё Беларусі, Літвы, Польшчы і Італіі распавядзе краязнаўца і даследчык Міхась Баўтовіч.

«Улетку 1518 года маскоўскія ваяводы аб’ядналіся і вырашылі захапіць старажытны Полацк, аднак жыхары мужна абараняліся. Пачалася працяглая аблога. Полацкі ваявода Альбрэхт Гаштольд з групоўкай у 2 000 ваяроў спяшаўся на дапамогу гораду, што цярпеў аблогу, але шырокая і паўнаводная Дзвіна не давала магчымасці перабрацца з вайсковым рыштункам на паўночны бок. І раптам, паводле шматлікіх сведчанняў, ваяры ўбачылі вершніка ў белым адзенні на белым кані, які знакамі паказваў, каб ішлі за ім. Войска рушыла да вады і ўбачыла, што тут пралягае добры брод. Перайшоўшы праз Дзвіну, войска Вялікага Княства неспадзявана ўдарыла ў спіну значна большаму па колькасці маскоўскаму войску. У шэрагах захопнікаў пачалася паніка. Частка ваяроў кінулася да Дзвіны і патанула ў ёй. Асноўная ж групоўка, кінуўшы аблогавыя прылады, вайсковы рыштунак і параненых, спешна рушыла ў бок Вялікіх Лукаў. Гэты дзень, 29 ліпеня, запамятаўся на ўсё жыццё тым ваярам, што засталіся жывымі. Палачане, якія ўжо амаль што страцілі надзею на дапамогу, былі надзвычай уражаныя цудоўным выратаваннем», – распавядае Міхась Баўтовіч у часопісе «Наша Вера».

 

Сустрэча адбудзецца ў сераду ў 18:30 ва ўтульнай кавярні «Раздол» (Полацк, вул.Талстога, 15). Уваход вольны!

Праект «#ЖываяМова» распачаўся ў Полацку 21 лютага па ініцыятыве Полацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

ximik.info