У Празе прэзентавалі фільм „Made in BY”



На найбуйнейшым фестывалі дакументальных фільмаў пра правы чалавека „Адзін свет”, які прайшоў у Празе,  прэзентавалі дакументальную стужку пра Беларусь.

Фільм зняў італьянскі рэжысёр Луіджы Мілардзі. Здымачная група і сам рэжысёр наведалі Беларусь некалькі разоў. Агулам яны пражылі ў краіне каля двух месяцаў. Адзін з герояў фільма – вядомы спявак Зміцер Вайцюшкевіч:

Мне задавалі пытанні пра артыстычнае жыццё ў Беларусі, звязанае таксама з «чорнымі спісамі». Я па-ангельску, шчыра, з добрым беларускім акцэнтам расказваў трагікамічнасць усяго гэтага стану ў цэнтры Еўропы. Такая краіна, еўрапейская, якая павінна быць па-свойму прагрэсіўная… А наш прагрэс даволі дзіўны. Адна з задач і мастацтва, і журналістыкі, акрамя таго, што трэба каментаваць, трэба яшчэ і фіксаваць.

Італьянцы запісалі шэраг інтэрв’ю з музыкамі, журналістамі, акцёрамі, мастакамі, праваабаронцамі. Фільм апавядае пра незалежную культуру, а таксама пра ўмовы і абмежаванні, у якіх яна існуе.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота facebook.com