У рамках „Фэсту экскурсаводаў” пройдзе больш за 150 экскурсій



У рамках восьмай культурнай акцыі „Фэст экскурсаводаў”, якая пройдзе 22-23 красавіка, запланавана звыш 150 экскурсій у сталіцы і рэгіёнах Беларусі, паведамілі на прэс-канферэнцыі 18 красавіка ў Менску арганізатары фестывалю.

„Фэст экскурсаводаў” прымеркаваны да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін (18 красавіка) і праводзіцца ў найбліжэйшыя да гэтай даты выхадныя. Арганізатарамі фестывалю выступаюць беларускі камітэт Міжнароднага савета па помніках і гістарычных мясцінах (ICOMOS), Беларускае грамадскае аб’яднанне экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, Беларускі фонд „Культура” і Нацыянальнае агенцтва па турызме.

Суарганізатар акцыі экскурсавод Валянціна Кароткіна звярнула ўвагу, што праграма гэтага года выходзіць за афіцыйныя рамкі двух выхадных дзён. Так, паводле яе слоў, ужо ўвечары 18 красавіка ў цэнтры Менска пачнецца першая фестывальная экскурсія, якая будзе прысвечана Траецкаму прадмесцю. Заключная ж экскурсія пройдзе 25 красавіка.

„Палітра экскурсій сёлета вельмі багатая, — адзначыла Кароткіна. — Рэкорд па колькасці [экскурсій] мы дасягнулі ў мінулым годзе. У гэтым годзе мы вырашылі не гнацца за колькаснымі паказчыкамі, а звярнуць увагу на якасць экскурсій, паказаць нешта эксклюзіўнае, аўтарскае, прафесійнае. Мы задалі і сабе, і ўдзельнікам-экскурсаводам некалькі ключавых умоваў — экскурсіі павінны быць аўтарскімі, распрацаванымі, калі не спецыяльна для фестывалю, то пэўна з нейкай цікавай адметнай ідэяй, якую экскурсавод не кожны дзень можа данесці да сваёй аўдыторыі”.

Яна падкрэсліла, што да акцыі далучыліся не толькі прафесійныя экскурсаводы, але і музейшчыкі, гісторыкі, архітэктары, археолагі, краязнаўцы. „Першарадная задача нашага фэсту — знаёміць людзей з месцамі, якія яны бачаць кожны дзень”, — патлумачыла экскурсавод. „Сёлета да фестывалю далучыліся дзеці, яны паспрабуюць сябе, можа быць, у сваёй будучай прафесіі. Школьнікі прадставяць невялікія маршруты па цэнтры Менска для сваіх бацькоў, блізкіх”, — паведаміла спецыяліст.

У праграме запланаваны веламаршруты, экскурсія па праспекце Незалежнасці для інвалідаў-калясачнікаў, маршруты для замежнікаў.

Усяго па Менску будзе арганізавана каля 80 унікальных экскурсій, некаторыя з іх пройдуць некалькі разоў, паведаміла Кароткіна.

У рэгіёнах Беларусі пройдзе 70 экскурсій, паведаміў у сваю чаргу суарганізатар акцыі, адзін з заснавальнікаў „Фэсту экскурсаводаў” Павел Каралёў. Васямнаццаць з іх адбудуцца ў Віцебску, шэсць — у Берасці, па тры — у Магілёве, Гародні і Гомелі. Экскурсіі таксама пройдуць у Оршы, Пінску, Полацку, Лідзе, Маладэчне, Стоўбцах, Дзяржынску, іншых гарадах, а таксама ў шэрагу аграгарадкоў і вёсак Беларусі.

Паводле слоў Каралёва, у гэтым годзе экскурсіі ў рамках акцыі таксама пройдуць у Вільні і Кракаве.

„Беларусы ў добрым сэнсе галодныя на помнікі. Мы мала ведаем пра сваю гісторыю, сваю спадчыну. Гэта нашы рэаліі, але іх трэба паступова выпраўляць, для гэтага і ствараўся фестываль. Тое, што беларусы хочуць ведаць больш, нас вельмі натхняе”, — адзначыў ён.

Поўная праграма акцыі будзе даступная на сайце „Фэсту экскурсаводаў”, там жа будзе магчымасць зарэгістравацца на тую ці іншую экскурсію. Ліміт наведвальнікаў кожнай з іх будзе ўсталяваны ў 40—50 чалавек. З праграмай таксама можна будзе азнаёміцца на сайтах астатніх арганізатараў фестывалю.

belapan.by