У Шаркоўшчыне памёр краязнаўца Уладзіслаў Ляскоўскі



На 89-м годзе ад інсульту памёр шаркоўшчынскі грамадскі дзеяч Уладзіслаў Ляскоўскі.

Ён быў сябрам БНФ, ТБМ, раней працаваў настаўнікам матэматыкі і быў інспектарам раённага аддзела адукацыі. Таксама ён вядомы ў Шаркоўшчыне як краязнаўца, які вывучаў гісторыю не толькі роднага краю, але і ваколіц. Пры дапамозе глыбоцкіх актывістаў ён выдаў кнігу “Гістарычная хроніка Шаркоўшчыны і наваколля”, напісаў свае ўспаміны і перакладаў гістарычныя працы з польскай мовы.

Уладзіслава Ляскоўскага ўзгадвае журналіст з Глыбокага Зміцер Лупач, які з ім быў добра знаёмы:

– Гэта адзін з найстарэйшых грамадскіх актывістаў на Шаркоўшчыне. Ён быў сябрам БНФ, сябрам ТБМ. Ведаю, што ён да апошняга дапамагаў – і калі грашовыя ахвяраванні збіралі палітвязням, ці на іншыя патрэбы, ён заўсёды адгукаўся. І я рад, што мы паспелі запісаць яго ўспаміны, а таксама выдаць яго некалькі кніжак, якія ён напісаў.

Хата Уладзіслава Ляскоўскага ў Шаркоўшчыне часта ператваралася ў культурніцкую пляцоўку, дзе мясцовыя грамадскія актывісты ладзілі свае імпрэзы і прымалі палітыкаў, пісьменнікаў і творчых людзей з іншых рэгіёнаў.

Беларускае Радыё Рацыя