У Шчучыне святкавалі выхад новай кнігі Рычарда Бялячыца



„Пах Зоркі” можна было пачуць і адчуць праз словы і пачуцці новай кніжкі вершаў шчучынскага беларускага паэта Рычарда Бялячыца.

У мясцовым Палацы творчасці дзяцей і моладзі, які месціцца ў былым палацы князёў Друцкіх-Любецкіх, прайшла творчая вечарына і прэзентацыя кнігі паэта „Пах Зоркі”. Назва кніжкі і павінна быць нязвыклая, якая перадае пачуцці аўтара. Аўтар жа перакананы, што пах роднай зямлі, жыта, красак на поплаве  маюць адбітак і ў зорках, якія па-над галавою.

Кажа Рычард Бялячыц:

– Ад гэтага вечара я і чакаў нямала, але ўсе мае чаканні ява пераўзыйшла, таму што сабралася многа гасцей са ўсё вобласці, не толькі з Гародні, або Шчучына. Прыехалі з Ашмян, з Астраўца. Ну і потым такія выступленні былі – прыязныя, шчырыя, сардэчныя, як у Аляксея Пяткевіча, Янкі Трацяка, нашага старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянціна Дубатоўкі.

У апошняй, хіба ўжо пятнаццатай кніжцы на ягоным рахунку, застаюцца важнымі і непарыўнымі тэмы кахання, любові да родных людзей, рамантычных легендаў, на якія багатая Шчучынская, ды й увогуле  уся беларуская зямля. Ягоны творчы напрамак не перастае здзіўляць калегаў з Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Кажа Валянцін Дубатоўка, старшыня абласной філіі арганізацыі:

– Рычард Станіслававіч – гэта невыпраўнай, непаўторнай лірыкі рамантык. Я кожны раз, калі з ім размаўляю, здзіўляюся, як гэта чалавек можа быць дарослым і заставацца рамантыкам. Ведаеце, як у літаратараў бывае, спачатку вершы, затым пераходзяць на прозу, таму што складана захоўваць такі стан душы, калі ты можаш перадаваць рамантычныя адчуванні. У Рычарда Станіслававіча гэта атрымліваецца выдатна.

Апрача паэзіі шчучынскі паэт мае шырокі дыяпазон творчасці, ён таксама кіруе паэтычнай гасцёўняй.

На імпрэзу прыехалі шматлікія госці з Гарадзеншчыны. Асабліва пацешылі аўтара родныя. На святкаванні выхаду зборніка паэзіі іх бацькі – Рычарда, былі жонка, тры ягоныя дачкі і унукі.

[Not a valid template]

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя