У Шклове адбыліся VIII краязнаўчыя чытанні



У Шклоўскім гістарычна-краязнаўчым музеі адбыліся  VIII раённыя краязнаўчыя чытанні імя М.Ф. Ільюшэнкі пад назвай “Забытыя старонкі гісторыі малой Радзімы”.

На фота: выступае Аляксандр Грудзіна

У чытаннях прынялі ўдзел кіраўнікі школьных музеяў, творчых аб’яднанняў, педагогі-гісторыкі, краязнаўцы. Прыехалі на краязнаўчыя чытанні ў Шклоў і госці з суседняга Магілёва, у тым ліку і супрацоўнікі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р.Раманава.

Распачаліся чытанні аглядам абноўленнай экспазіцыі музея. Дырэктар музея Ларыса Сельвестрава падрабязна азнаёміла прысутных з асноўнымі накірункамі работы музея па пошуку, вывучэнні і сістэматызацыі краязнаўчага матэрыяла па гісторыка-культурнай спадчыны Шклоўшчыны і падзялілася вопытам работы ў гэтым накірунку.

Потым прагучалі даклады на самыя розныя тэмы. Некалькі дакладаў выступоўцы прачыталі на тэму Другой сусветнай вайны, а таксама распавядалі пра гісторыю шклоўскай вёскі Крывель, пра могілкі Шклова, пра свята Барыса і Глеба на Шклоўшчыне і іншыя. Адбыліся цікавыя паведамленні кіраўнікоў школьных музеяў са Шклоўскай гарадской гімназіі і аграгарадкоў Александрыя і Фашчаўка. Цудоўна дапоўнілі краязнаўчыя чытанні аматарскія спевы і вершы Мікалая Пунчанкі.

На фота: спявае Мікалай Пунчанка

Удзельнікі семінара абмяняліся думкамі, меркаваннямі і прапановамі ў галіне вывучэння і захавання гісторыка-культурнай спадчыны і далейшай супрацы.

Беларускае Радыё Рацыя