У Шклове заклікалі ўвекавечваць гісторыю мясцовага самакіравання



Удзельнікі круглага стала „Шклоў магдэбургскі” заклікалі раённыя ўлады больш актыўна прапагандаваць гісторыю мясцовага самакіравання.

У мерапрыемстве, якое было арганізавана Шклоўскай раённай арганізацыяй Таварыства беларускай мовы, грамадскай ініцыятывай „Шклоўскі магістрат” і грамадскім цэнтрам „Мост”, узялі ўдзел каля 15 грамадскіх дзеячаў, навукоўцаў і журналістаў з Магілёва, Шклова і Бялынічаў.

Да гэтага часу існуе праблема ідэнтыфікацыі: беларусы — гэта еўрапейцы або нейкая агульнасць, якую можна далучыць да каго заўгодна, адзначаў у сваім выступленні магілёўскі гісторык Ігар Пушкін. Паводле яго слоў, каб усведамляць сябе еўрапейцамі, беларусам неабходна адчуваць пераемнасць з тым, з чым на працягу стагоддзяў асацыяваліся еўрапейскія парадкі, у тым ліку з Магдэбургскім правам як асновай мясцовага самакіравання.

Пушкін расказаў прысутным пра сем круглых сталоў, якія прайшлі ў гарадах вобласці ў 2015 годзе і былі прысвечаны Магдэбургскаму праву, а таксама пра гранітныя інфармацыйныя дошкі, устаноўленыя ў мінулым годзе намаганнямі грамадскасці і мясцовых уладаў у Чэрыкаве, Чавусах і Бялынічах. На гэтых дошках пазначаны даты атрымання гарадамі Магдэбургскага права.

Параўнаў аднаўленне будынкаў ратуш у Магілёве і Шклове іншы магілёўскі гісторык Аляксандр Агееў. Ён выказаў меркаванне, што ў Шклове ратуша была адбудаваная дзякуючы правядзенню ў горадзе ў 2007 годзе рэспубліканскіх „Дажынак”, і яе адраджэнне не было вынікам вялікіх намаганняў грамадскасці.

shklou_patusha

З ім не пагадзіўся шклоўскі краязнаўца, кіраўнік мясцовай раённай арганізацыі ТБМ Аляксандр Грудзіна, які расказаў, што ў свой час з прапановай аб аднаўленні ратушы звяртаўся да свайго тагачаснага калегі Алега Трусава былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання, а цяпер прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У сваю чаргу намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў указаў, што аж да 90-х гадоў ХХ стагоддзя шклоўскія камуністы хацелі знішчыць ратушу, але дзякуючы грамадскасці зрабіць ім гэтага не ўдалося.

Аляксандр Грудзіна таксама расказаў прысутным пра Яна Іеранімавіча Хадкевіча — ваеннага і палітычнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага. Будучы ў яго ўласнасці, Шклоў атрымаў Магдэбургскае права 16 лютага 1574 года. На думку Грудзіны, памяць пра Яна Хадкевіча цяпер практычна ніяк не шануецца. Ён прапанаваў стварыць турыстычны маршрут „Шляхамі Яна Хадкевіча”, які б, пачынаючыся ў Шклове, праходзіў па тэрыторыі Беларусі, Латвіі і Літвы.

Прысутныя таксама згадалі надыходзячую гадавіну магілёўскага паўстання 1 лютага 1661 года, калі гараджане цалкам знішчылі гарнізон маскоўскіх стралкоў, які знаходзіўся ў Магілёве. Паколькі ў грамадстве дагэтуль ходзяць чуткі пра тое, што Руская праваслаўная царква пасля тых падзей аддала Магілёў анафеме, была выказана прапанова звярнуцца па афіцыйнае тлумачэнне да першаіерарха Кірыла.

Вынік круглага стала — складанне звароту да мясцовых уладаў аб неабходнасці размяшчэння на будынку Шклоўскай ратушы інфармацыйнай дошкі з пазначэннем даты надання гораду Магдэбургскага права, больш актыўнага выкарыстання ратушы для розных грамадска значных мерапрыемстваў і ўшанавання ў Шклове імя Яна Хадкевіча.

belapan.by