У Слоніме выставу прысвяцілі беларускаму кнігадрукаванню



У выставачнай зале Слонімскага краязнаўчага музея імя Язэпа Стаброўскага адбылося ўрачыстае адкрыццё вялікай выставы, прысвечанай Францішку Скарыну і беларускаму кнігадрукаванню. У адкрыцці выставы прынялі ўдзел мастакі з Менску і Узды, а таксама са слонімскай мастацкай суполкі “Арт-Слонім”. Адкрыццё выставы шчыра віталі мастацтвазнавец, прафесар Яўген Шунейка, мастакі Мікола Бушчык і Алесь Цыркуноў. Усе яны прыехалі ў Слонім, каб прыняць удзел ва ўрачыстым адкрыцці выставы.

Мастакі прывезлі на выставу і свае мастацкія творы, прысвечаныя Скарыну і кнігадрукаванню. А слонімскі мастак Васіль Грыневіч прэзентаваў сваю карціну Францыск Скарына ў Слоніме.

Акрамя карцін беларускіх мастакоў, выстава прыцягнула ўвагу і іншымі экспанатамі па дадзенай тэматыцы. Калекцыянеры са Слоніма Анішчыкі выставілі старыя пісьмовыя рэчы з прыватнай калекцыі. Пісьменнік Сяргей Чыгрын з уласнай калекцыі перадаў для выставы паштоўкі, канверты, каляндарыкі, значкі, запрашальныя білеты, манеты, латарэі, прысвечаныя і Францішку Скарыну і беларускаму кнігадрукаванню. А Слонімская раённая бібліятэка імя Якуба Коласа аздобіла выставу рознымі выданнямі, звязанымі з Францішкам Скарынам і кнігадрукаванннем.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім