У Слоніме хутка прэм’ера “Тараса на Парнасе”



У нядзелю, 11 чэрвеня, у Слонімскім драматычным тэатры адбудзецца першы прэм’ерны паказ спектакля “Тарас на Парнасе” па п’есе беларускага драматурга Сяргея Кавалёва. Спекталь паставіў галоўны рэжысёр тэатра Васіль Сявец.

Яшчэ са школы мы памятаем ананімную паэму “Тарас на Парнасе”, напісаную ў XIX стагоддзі. Даследчык гісторыі беларускай літаратуры Генадзь Кісялёў даказаў, што паэма была напісана студэнтам Горы-Горацкага сельскагаспадарчага інстытута Канстанцінам Вераніцыным. Несумненна, што гэты чалавек добра ведаў літаратуру і тыя працэсы, якія праходзілі ў ёй, ведаў жыццё селяніна, яго характар і душэўны склад. Паэма з’яўляецца глыбока нацыянальным творам. Невыпадкова Генадзь Кісялёў назваў яе “першай літаратурнай любоўю Беларусі”.

Драматург паводле паэмы Канстанціна Вераніцына напісаў п’есу. Хаця інтэрпрытацыя яе значна адрозніваецца ад арыгінала. Бо ў спектаклі, асабліва ў слонімскім “Тарасе на Парнасе”, больш цікавей можна даведацца і паглядзець пра жыццё і прыгоды на Парнасе палясоўшчыка Тараса, ролю якога выдатна сыграў майстар сцэны тэатра Уладзімір Навумік.

У спектаклі занята ўся акцёрская трупа тэатра. У ім шмат вясёлых танцаў, розных сцэнічных эфектаў і аздабленняў. Несумненна, што гледачы атрымаюць пэўную асалоду ад прэм’еры ў Слоніме.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім