У строчыцкім музеі адсвяткавалі Каляды



27 снежня ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту адбылося святкаванне беларускага абраду Каляды.

Госці маглі паўдзельнічаць у аднаўленні як традыцыйнага, хрысціянскага, калядавання, так і самага старажытнага абраду.

У праграме святкавання былі тэатралізаванае прадстаўленне абраду, які быў у канцы XIX – пачатку XX стагоддзя ў рэгіёне „Цэнтральная Беларусь”; майстра-клас па прыгатаванні куцці з наступнай дэгустацыяй шчодрай куцці, мядовых пернікаў, гарачага аўсянага кісяля”, або збіценя; пастаноўка дахрысціянскіх абрадавых дзей: катанне вогненага кола; распальванне вогнішча ў гонар зноў народжанага сонца – Каляды, спальванне Бадняка, народныя карагоды і гульні, батлейка. Увесь час іграла беларуская народная музыка ў выкананні калектыву „Жвавы Карчмар”.

„Каляды ў Беларусі заўсёды адзначаліся з 25 снежня, – расказала навуковы супрацоўнік музея Лідзія Малькевіч. – Гэты былі першыя Каляды, так званая Вялікая Куцця. А другую куццю заўсёды гатавалі на Шчодры вечар – яна была тлустая, багатая, на яе нават кабанчыка забівалі. І, нарэшце, трэцяя куцця – Вадзяная – была на Вадохрышча.

Куццю варылі ў кожнай хаце, прычым у аднолькавым посудзе, з аднолькавай колькасцю зярнят – іх трэба было абавязкова лічыць. Звараную куццю ніколі не каштавалі, а ставілі ў покуць на сена, накрывалі хлебам. І толькі з першай зоркай, вечарам, пачыналі святкаваць Каляды.

Яшчэ заўсёды хадзілі калядоўшчыкі, спявалі, танцавалі, пераапраналіся ў Казу, Мядзведзя, Цыганку. А галоўным атрыбутам свята была Калядная зорачка – раней яе насілі ў гонар бога Ярылы, а зараз – як сімвал Віфлеемскай зоркі, у гонар нараджэння Ісуса Хрыста”.

belapan.by

[manual_related_posts]