У Вайцюшках прайшоў фестываль “Салаўё”



Традыцыйнае свята мастацтва і літаратуры прайшло на хутары Вайцюшкі, што месціцца на беразе Нёмана на Наваградчыне.

На фестываль “Салаўё” ўжо ў пяты раз з’ехаліся аматары літаратуры. Апошнімі гадамі да іх далучаюцца яшчэ мастакі і скульптары, якія напярэдадні ладзяць тут свае плэнеры. А непасрэдна ў дзень фестывалю прэзентавалі гасцям свае апошнія працы. Расказвае гаспадар сядзібы і арганізатара фестывалю “Салаўё”  музыка Зміцер Вайцюшкевіч.

Я вельмі шчаслівы, бо «Салаўё» багацее не толькі скульптурамі, хаця гэта вельмі важна, я гэтым ганаруся і вельмі рады. Я трошкі хваляваўся, і стомлены і вельмі шчаслівы, бо сённяшні паэтычны дзень падараваў шмат эмоцый: прыгожых, натхняльных, і шмат што для развагі. І гэта ўсё тут, на маёй зямлі. Гэта вельмі важна. У гэтым сэнсе я бачу перспектыву фестывалю «Салаўё» і спадзяюся, ён будзе жыць вельмі доўга.

Непасрэдна ў музычна-літаратурнай частцы фестывалю сваю творчасць на публіку прадставілі Сяргей Дубавец, Максім Жбанкоў, Алесь Ліпай, Зміцер Вайцюшкевіч, Алесь Мацкевіч, а таксама своеасаблівы дэсант з маладых літаратараў – Віталь Рыжкоў, Мікіта Найдзёнаў і іх сябры.

[Not a valid template]

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара