У Варшаве адыграюць канцэрт на 50-годдзе легендарнага Аляксандра Кулінковіча



18 траўня ў Варшаве адбудзецца канцэрт у гонар 50-годдзя Аляксандра Кулінковіча – легенды беларускага панк-року. Нягледзячы на тое, што лідара гурта “Neuro Dubel” няма з намі ўжо 4 гады, яго песні жывыя: іх памятаюць прыхільнікі, на іх робяць каверы іншыя музыкі.

Цяпер жа неўміручыя хіты артысты прыгадаюць са сцэны. Пра тое, чым будзе адметная імпрэза 18 траўня, распавяла суарганізатар падзеі Інэс Сянкевіч.

– Выступіць 8 гуртоў беларускіх, а дакладней 8 салістаў нашых самы вядомых. Яны будуцб выконваць песні гурта Neuro Dubel, выбіралі песні яны самі. Канцэрт будзе падобны на той, што быў у Менску ў „Prime Hall”. Так што перад канцэртам можаце паглядзець фільм, які называецца „Я прынес табе Ура!!!”, паглядзець, як гэта будзе выглядаць. Спадзяюся, у нас усё атрымаецца. Хацелася б, каб энергетыка была больш святочная, спадзяюся, што мы ўжо адплакалі і зараз будзем проста ўспамінаць Сашу.

На канцэрце можна будзе натхтніцца прачытаннем твораў “Neuro Dubel” ад Лявона Вольскага, Аляксандра Памідорава, гуртоў “Зьмяя”, “Znich”, а таксама Юрыя Стыльскага (“Дай Дарогу”), Дзяніса Тарасенкі (“Разбітае Сэрца Пацана”), Алеся Дзянісава (“Dzieciuki”), Lesley Knife (“Gods Tower”), Уладзіміра Пугача (J:Морс) і Алеся-Францішка Мышкевіча (“The Superbullz”).

Пачатак падзеі ў 19:00.

Мерапрыемства будзе ладзіцца ў “Klub Remont” (ul. Waryńskiego 12a).
Радыё “Рацыя” – інфармацыйны партнёр мерапрыемства.

Беларускае Радыё Рацыя