У Варшаве паказалі фільм пра абарону Берасцейскай крэпасці ў 1939-м



Дакументальны фільм “Берасцейская крэпасць. Невядомая абарона” быў прэзентаваны ў Музеі Незалежнасці. Асаблівы акцэнт у фільме робіцца на ўдзел беларусаў у шэрагах Войска Польскага, якія змагаліся з нацыстамі з першых дзён Другой сусветнай вайны.

Фільм выклікаў вялікае зацікаўленне ў гледачоў. Пасля паказу адбылася дыскусія, сярод гасцей знайшліся жывыя сведкі гісторыі 75-гадовай даўніны.

Імпрэзу вёў аўтар сцэнару, кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў. Карэспандэнт Радыё Рацыя пагутарыў з гісторыкам.

РР: Спадар Ігар, усе ў Беларусі ведаюць пра абарону Берасцейскае крэпасці ўлетку 1941 года, але мала хто чуў пра абарону той самай крэпасці ад тых самых ворагаў у верасні 1939-га. Чым можна патлумачыць, што гэты факт малазнаны ў беларускім грамадстве?

Ігар Мельнікаў: Рэч у тым, што гісторыя падзей верасня 1939 года была амаль што выкрэсленая ў беларускай гісторыяграфіі. Яна была звязаная толькі з падзеямі 17 верасня – уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР, і іншыя аспекты, асабліва мілітарныя, проста выкрэсліваліся. Тым больш лічылася, што Заходняя Беларусь пад Польшчай – гэта быў толькі негатыў, а ўсе іншыя моманты аб’ектыўна не разглядаліся. Таксама варта разумець, што ўвогуле, гісторыю беларусаў, якія змагаліся супраць нацыстаў у шыхтах Войска Польскага, гэтую гісторыю доўгі час амаль што не даследавалі ў Беларусі, з’явілася толькі адна манаграфія. Уся гэтая гісторыя для беларускага грамадства проста была закрытай. Насамрэч у 1939 годзе ў Берасці адбылася вельмі ўдалая, эфектыўна зробленая абарона. Польскае камандаванне падрыхтавалася да абароны крэпасці, якая ў той час ужо не мела стратэгічнага значэння, але там былі магчымасці, каб абараняцца. Калі ў чэрвені 1941 года жаўнеры Чырвонай Арміі не мелі ніякага выйсця, яны былі ў мяшку і былі вымушаны змагацца, то ў жаўнераў Войска Польскага, якія абаранялі Берасцейскую крэпасць, абарона была падрыхтаваная і ў іх нават быў план адступлення, якім яны скарысталіся пад канец.

РР: У фільме, які Вы прэзентавалі, было сказана, што ў Другой Рэчы Паспалітай быў тэрытарыяльны прынцып фармавання вайсковых адзінак, адпаведна тыя фармаванні, якія былі размешчаныя на тэрыторыі Заходняй Беларусі, часта да 70 % былі ўкамплектаваныя беларусамі. Гэта датычылася шэрагоўцаў. Ці можна казаць пра нейкую лічбу беларусаў сярод  афіцэрскага корпусу Войска Польскага ў верасні 1939 года?

Ігар Мельнікаў: Канкрэтную лічбу цяжка назваць, але разам з тым праваслаўных афіцэраў менавіта беларускага паходжання ў Войску Польскім хапала. Гэтыя людзі, можна сказаць, рабілі кар’еру, але ад гэтага яны не пераставалі быць беларусамі. У гэтым маім фільме “Берасцейская крэпасць. Невядомая абарона” я распавядаю пра аднаго з гэтых людзей – Віктара Амельянюка, які быў праваслаўным з Кобрына, вельмі адукаваным чалавекам. Ён быў падпаручнікам рэзерву, удзельнічаў у абароне Берасцейскае крэпасці. Гэтыя людзі былі патрыётамі, яны проста змагаліся за сваю Айчыну, за сваю зямлю, дзе яны жылі. Гэта вельмі важны момант, калі мы кажам пра афіцэраў і калі мы кажам пра шэрагоўцаў.

РР: Абаронцы Берасцейскай крэпасці 1941 года цяпер ды яшчэ і ў савецкі час былі ўшанаваныя і ўважаныя за герояў. А што датычыць абаронцаў крэпасці 1939 года? Ці яны неяк цяпер шануюцца ў Беларусі, ці ёсць пра іх памяць на дзяржаўным узроўні?

Ігар Мельнікаў: Гэта сапраўды вельмі важнае пытанне. Да 1995 года гэтыя людзі ўвогуле не мелі статусу ветэрана і першы раз атрымалі савецкія медалі ў 1995годзе, а менавіта медаль 50-годдзя Вялікай Перамогі. У іх ваенных білетах было напісана, што яны не ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сапраўды, яны ўдзельнічалі ў Другой сусветнай вайне. Яны не карысталіся льготамі савецкага ўрада, у Беларусі пра іх проста не ведалі і, на жаль, не змаглі сказаць ім дзякуй за іх мужнасць у змаганні з нацызмам падчас Другой сусветнай вайны. І важная справа для сучасных беларускіх гісторыкаў, журналістаў – узгадаць пра гэтую гісторыю.

Дарэчы, “Заходнебеларуская Атлантыда” – мая выстава, якая была ў Заслаўі, –  была накіравана на тое, каб падкрэсліць ролю 70 тысячаў беларусаў, якія з першага дня Другой сусветнай вайны змагаліся супраць нацыстаў. Але, на жаль, выставу закрылі, і гэта таксама дэманструе тое, што наша сучасная ідэалогія вельмі моцна грунтуецца на савецкім мінулым, і несавецкая гісторыя туды не ўпісваецца. Хаця я не бачу супярэчнасці, таму што мы падкрэсліваем гісторыю тых беларусаў, якія змагаліся з нацызмам у савецкім войску. Тое, што жыхары Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года не насілі савецкі мундзір – гэта адна рэч, але разам з тым яны ваявалі ў арміі, якая была чальцом антыгітлераўскай кааліцыі, адной з моцных армій.

Дарэчы, і бітва пад Монта-Касіна, 70-ыя ўгодкі якой адзначаюцца сёлета, гэта таксама беларуская кропка гісторыі, якую варта адзначаць, паказваць. У нас у Беларусі былі артыкулы пра гэта, але, на жаль, музеі не адрэагавалі. Ведаю дакладна, што ў музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Менску ёсць дакументы, ёсць рэчы, ёсць мундзіры беларусаў, якія ўдзельнічалі ў бітве пад Монта-Касіна. Гэта несавецкая гісторыя, але гэта гісторыя Другой сусветнай вайны, менавіта наша, беларуская, прычым гэта гісторыя людзей, якія змагаліся супраць Трэцяга Рэйха.

Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Адама Завальні